Пры гэтым найбольш ураджайная на сёння хлебная ніва “Гіганта”: з аднаго круга ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве ўзялі па 51 цэнтнеру зерня! Другі па велічыні паказчык у ААТ “Неўскі-Агра” — 36 ц/га. На апошняй пазіцыі па ўраджайнасці збажыны на гэтую пару адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Стасеўка” і “Агракамбінат Бабруйскі” з ураджайнасцю 20 ц/га.
Сабранае зерне пры неабходнасці дасушваецца або непасрэдна ў гаспадарках, або на Бабруйскім КХП, куды ўраджай пастаўляецца ў лік дзяржзаказу. План апошняга для раёна складае 4810 тон, пастаўлена — 900 тон.
Ужо каторы дзень убіраюць збажыну ў БААТ “Аграмашсэрвіс”. Учора на малацьбе аўсу паблізу в. Бабіна засталі тры зернеўборачныя камбайны “Палессе” пад упраўленнем Аляксандра Барысавіча Нічыпаловіча, Сямёна Яўсеевіча Шлапянкова і Віталя Валер’евіча Падшывалава. У складзе экіпажаў таксама памочнікі камбайнераў: Сяргей Анатольевіч Фаістаў, Мікалай Мікалаевіч Сяргееў і Алег Анатольевіч Сідаровіч.
На хлебнай ніве БААТ “Аграмашсэрвіс” працуе экіпаж зернеўборачнага камбайна ў складзе Аляксандра Нічыпаловіча (справа) і Сяргея Фаістава
Юрый Іванавіч Лішко заняты на адвозцы зерня ад камбайнаў
Надвор’е з раніцы садзейнічала ўборцы. Тэхніка на залацістай ніве спынялася толькі каб выгрузіць зерне, ну і на імгненне — каб сфатаграфаваць удзельнікаў жніва. Па словах галоўнага агранома Андрэя Рыгоравіча Чорнага, на дзень аўторка ў гаспадарцы ўжо ўбралі азімую пшаніцу, часткова жыта і авёс.
Што да азімага рапсу, то гэтая культура ў раёне цалкам убрана. З плошчы ў 2012 гектараў сабрана 4088 тон масланасення пры сярэдняй ураджайнасці 20 ц/га. Вядома, што першай справай гаспадаркі імкнуліся разлічыцца з дзяржаўным заказам. На сёння, як адзначылі ў райсельгасхарчы, план пастаўкі дзяржаве масланасення выкананы болей чым на 90%.
Тым часам у радзе гаспадарак: філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс”, філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”, прыступілі да падрыхтоўкі глебы пад чарговую сяўбу культуры — закладваюць фундамент пад ураджай 2021 года.
Не спыняецца нарыхтоўка травянога корму для пагалоўя. Па дадзеных райсельгасхарчу, на ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па раёне нарыхтавана 12,2 ц к. адз. (план — не меней за 30), што на 0,6 ц
к. адз. болей, чым на гэтую пару леташняга года.
Лідарства па колькасці нарыхтаванага корму на ўмоўную галаву на гэты час трымаюць ААТ “Міхалёўская Ніва” (17,1 ц к. адз.) і ААТ “Саўгас Кісялевічы” (17,0). Самы нізкі паказчык у ААТ “Стасеўка” — 6,1 ц к. адз. Праўда, ён на трэць вышэйшы за папярэдні год.
Назапашваюць з другога ўкосу траў у асноўным сена.