Юных грамадзян вёскі Стасеўка, да прыкладу, супрацоўнікі раённага фізкультурна-спартыўнага клуба ў адну з субот сабралі на спартландыю «Летнія забавы». Мерапрыемства прайшло ў рамках работы «аўтацягніка» для непаўналетніх, якія пражываюць у аддаленых ад устаноў адукацыі населенных пунктах, у мэтах папярэджання супрацьпраўных іх паводзін. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі ад спартландыі не толькі зарад бадзёрасці — прадэманстравалі сваю фізічную загартоўку — але і салодкія прызы.
Самым сур’ёзным чынам падыйшлі да плану мерапрыемстваў у лагеры з дзённым знаходжаннем для вучняў 2-6-х класаў “Сонейка” Гарбацэвіцкай школы. На працягу 18-ці тэматычных дзён, як паведаміла дырэктар аздараўленчай установы Наталля Шыпіна, выхаванцы ўдзельнічалі ў цікавых мерапрыемствах і гульнях, сярод якіх “Дзень сустрэч” з хвілінкай бяспекі на тэму “Як абараніць сябе ад COVID-19”; размова “Усім вам, хто вынес тую вайну, — паклон і памяць пакаленняў”, прысвечаная Дню ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай; гульнёвая праграма “Сцежка небяспечных месцаў”, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі згадалі правілы пажарнай бяспекі, дарожнага руху, завастрылі ўвагу на правілах паводзінаў на вадзе; экспромт-канцэрт “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”, дзе кожны меў магчымасць прадэманстраваць сваё творчае майстэрства — у песні, танцы, чытанні вершаў і г. д.
Змястоўнае мерапрыемства — адкрыты дыялог на свежым паветры “Выбірай жыццё!” прайшло 26 чэрвеня на базе лагера працы і адпачынку “Маналіт” Ленінскага ВПК «Дз/сад-СШ». У межах Міжнароднага дня барацьбы з нарказалежнасцю і незаконным абаротам наркотыкаў з выхаванцамі сустрэліся намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Праташчык, старшы ўперупаўнаважаны групы незаконнага абароту наркотыкаў і супрацьдзеяння гандлю людзьмі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Шыла і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вікторыя Шунько. Вучням расказалі пра наступствы спажывання наркотыкаў і адказнасць за дзеянні ў адносінах іх, пра небяспеку, якая можа падсцерагаць у сетцы Інтэрнэт. Старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Марына Кузьміч нагадала пра неабходнасць своечасовага афармлення дакументаў на пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, своечасовы абмен пашпарта.
Камісія па справах непаўналетніх і аддзел па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама нагадваюць, што лета — час адказнасці бацькоў за жыццё і здароўе дзяцей. Дарослым неабходна кантраляваць баўленне часу дзяцей і падлеткаў, з якімі здараюцца неабдуманыя ўчынкі, яны трапляюць пад уплыў кампаніі, бязмэтна бавяць час з малазнаёмымі, ужываюць спіртныя напоі, купаюцца ў забароненых на тое месцах, кіруюць транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання, пранікаюць, у пошуках лёгкага заробку, на дачы. Усё гэта ў выніку абарочваецца адміністрацыйнымі і крымінальнымі справамі, праблемамі са здароўем, а ў горшым выпадку — гібеллю дзяцей ад знешніх прычын.