
Веснавую сяўбу ў ААТ “Міхалёўская Ніва” пачалі з падсейвання канюшыны па пшанічнай руні паблізу аг. Іванаўка, каб увосень, пасля ўборкі зерня, сабраць з гэтага поля яшчэ і зялёную масу на корм скаціне. У панядзелак гэтай справай быў заняты вопытны і адказны механізатар Аляксандр Іванавіч Ганчароў, выконваў работу ён на трактары МТЗ 8022 з СПУ-6.
— Падсейванне толькі-толькі пачынаем, — дзеліцца намеснік дырэктара акцыянернага таварыства Алена Васільеўна Пацыенка, — таму, вядома ж, рупіць самой прыехаць на поле, паглядзець, як атрымоўваецца. Заўтра плануем падключыць да гэтай работы яшчэ аднаго механізатара з аналагічнай тэхнікай, каб за два дні з канюшынай управіцца і пераключыцца на іншую культуру.
Усяго травамі ў гаспадарцы плануюць падсеяць 340 гектараў, у тым ліку канюшынай — 200 га.
Наперадзе — сяўба яравога аўсу. Гэтай культурай у гаспадарцы плануюць засеяць каля 100 гектараў. Узяцца за дадзены від работ разлічваюць, як і раяць навукоўцы, пасля 15-га сакавіка. З яравых збожжавых будуць сеяць таксама ячмень.
— Перавагу аддаем азімай збажыне, — гаворыць субяседніца. — Пасеялі яе 1280 гектараў, яшчэ 420 га занята азімым рапсам.
Уласных працоўных рэсурсаў, як даведаліся, у гаспадарцы недастае, каб ахапіць увесь комплекс палявых работ. Кадравую праблему вырашаюць пасродкам прыцягнення людзей і тэхнікі “збоку”. На гэтую пару, да прыкладу, такім чынам працуюць тры чалавекі са сваёй тэхнікай.
Усяго ранняй ярыной — збожжавымі і зернебабовымі культурамі — у раёне плануюць засеяць 5230 гектараў. У тым ліку 600 га пасеяць аўсу, 3120 га — ячмянёў, 1570 га — зернебабовых культур.
Падсеяць мнагалетнікаў запланавана на плошчы 3260 га. З іх 900 га, па стану на ўчарашнюю раніцу, было падсеяна.
У сельгасарганізацыях працягваюць вывозіць на палі і ўносіць у глебу арганіку і хлорысты калій пад веснавую сяўбу.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.
© 2025 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев. |
![]() |