— Пачынаецца дачны сезон, і мэта сходу — данесці да старшынь садаводчых таварыстваў, а праз іх — да ўсіх членаў СТ актуальную інфармацыю, нагадаць аб правілах утрымання тэрыторый, папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі, вырашыць хвалюючыя пытанні, — адзначыла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Наталля Тропіна.
З пачатку вясны, прыязджаючы на дачныя ўчасткі, гараджане актыўна займаюцца навядзеннем там парадку — пазбаўляюцца ад леташняга лісця, смецця, пажухлай расліннасці, выкарыстоўваючы для апошняга і недазволеныя спосабы, у прыватнасці, выпальванне травы, што здольна прывесці нават да гібелі людзей і маёмасці. Веснавыя палы, па словах супрацоўніка гаррайаддзела па НС Мікалая Сцяпанава, не толькі з’яўляюцца прычынай пажараў, але і наносяць непапраўную шкоду прыродзе. Ён жа нагадаў, што выпальванне сухой расліннасці ў адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях караецца штрафам.

Аб тым, як засцерагчы летнія дамы ад нячыстых на руку грамадзян, нагадаў прадстаўнік раённай міліцыі Мікалай Прылуцкі. Нягледзячы на вялікую інфармацыйную работу, многія з гараджан грэбуюць асноўнымі мерамі перасцярогі: пакідаюць на дачах у сваю адсутнасць каштоўныя рэчы, ненадзейна зачыняюць дзверы збудаванняў, брамак.
Нямала пытанняў, па словах прадстаўніка БЗЦГіЭ Сяргея Шынкарова, звычайна ўзнікае да ўтрымання тэрыторый садаводчых таварыстваў. Між тым, цвёрдыя бытавыя адходы, як ён адзначыў, павінны змяшчацца выключна ў спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы. Спецыяліст падрабязна спыніўся на правілах і нормах санітарнага ўтрымання тэрыторый і мерах адказнасці за іх парушэнне.
Увага прысутных была завострана на выкананні зямельнага заканадаўства, а таксама архітэктурных норм падчас будаўніцтва садовых домікаў у садаводчых таварыствах — пра гэта расказала начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Ірына Дулуб. Начальнік аддзела землеўпарадкавання Святлана Юрачка разам з іншым нагадала ўдзельнікам сходу, што зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца ў садовыя таварыствы згодна са спісам свабодных участкаў, сфарміраваным Бабруйскім райвыканкамам і апублікаваным на сайце выканаўчага камітэта. Задача ж старшынь СТ — своечасова інфармаваць райвыканкам аб наяўнасці такіх участкаў.
Нямала пытанняў паступіла і ад кіраўнікоў таварыстваў. У прыватнасці, ці можна ўсталяваць агароджу па ўсім перыметры садаводчага таварыства, як не дапусціць парушэння камунальнікамі графіку вываза смецця з іх тэрыторый, шэраг іншых пытанняў, адказы на якія пасля вывучэння будуць даведзены да старшынь СТ.

Алена КАРПЕНКА.