Бабулі і дзядулі аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Бабруйскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, куды наведаліся ў панядзелак раённыя артысты — вакальная група “Гармонія” клуба для пажылых людзей “Аптыміст” — і вучні Брожскай сярэдняй школы, з замілаваннем прымалі з рук дзетак кветкі і вырабленыя ўласнаручна паштоўкі, весела падпявалі знаёмыя з дзяцінства заліхвацкія песні, краем хустачак выціралі вочы падчас гучання звязаных з домам і маладосцю мелодый і шчодра адорвалі гасцей падзякамі і апладысментамі.


Каб задаць святочнасць дню, для падапечных установы быў наладжаны “салодкі стол” з сокамі, розных відаў печывам, цукеркамі і галоўным, як мне падалося, для бабуль і дзядуль пачастункам — салодкім духмяным караваем.


Для аматараў гульні ў шашкі — тут актыўнасць праявілі мужчыны — быў наладжаны турнір, па выніках якога пераможцам уручылі ўзнагароды.
Што дзень прынёс пажылым людзям асалоду, выразна гаварылі іх шчаслівыя твары, бясконцыя падзякі і просьбы-пажаданні наведвацца ў госці часцей.