— Травы першага ўкосу выключныя, — адзначае галоўны аграном Уладзімір Аляксандравіч Залужны. — Усё гэта дзякуючы людзям і надвор’ю. Выканалі тэхналагічныя патрабаванні. Хоць і нялёгка прыйшлося, але набылі азотныя мінеральныя ўгнаенні і падкармілі траву. Плюс да гэтага дожджыкі прайшлі.
Калі не здарыцца надзвычайшчыны з надвор’ем, то да 15-16 чэрвеня, як і запланавалі, касьбу траў першага ўкосу і нарыхтоўку сенажу і сена з іх у вытворчым кааператыве разлічваюць завяршыць. «Усё на гэта пастаўлена, і ўсе на гэта працуем», — гаворыць галоўны аграном.
З траў першага ўкосу тут запланавалі нарыхтаваць 7-8 тысяч тон сенажу і 200-300 тон сена. З гэтай задачай, як адзначаюць, намераны справіцца. Зрэшты, тысяча тон сена засталася з мінулага года (усяго на зімоўку яго патрабуецца 1500-2000 тон).
Не загадваючы надалей, гэтымі днямі ў гаспадарцы імкнуцца пакласці максімальныя аб’ёмы грубага корму, косяць усюды, дзе магчыма.
— Калі дажджоў не будзе, травы б ізноўку варта падкарміць, — разважае Залужны, — але той азот, што ёсць, беражэм для кукурузы, каб мець зерне.
А пакуль у СВК актыўна закладваюць сянажную масу — у траншэі і рулоны (у дзень нашага наведвання — на МТК М. Бортнікі), займаюцца прэсаваннем і звозкай сена да месца складзіравання.
З улікам таго што частка тэхнікі задзейнічана ў мерапрыемствах па ахове раслін, а адлегласць ад сенажаці, дзе вядзецца нарыхтоўка сенажу, да траншэі М. Борнікаў немалая, на адвозцы сянажнай масы адчуваецца некаторае напружанне.
— Гэта з’ява часовая і апраўданая, — заўважае галоўны інжынер Ігар Міхалёнак. — Корм з дадзенай травасумясі асабліва спажыўны для дойнага статку, таму і возім яго не на Бірчу, куды бліжэй, а на МТК. У цэлым жа тэхнікі для своечасовага завяршэння корманарыхтоўкі, па словах Ігара Аляксеевіча, дастаткова. На касьбе траў задзейнічаны «Палессе» з касілкай КПР-9, трактар МТЗ 1221 з касілкай КПП-3,5 «Пціч», у дзеянні дзве набытыя сёлета навясныя трохмятровыя касілкі замежнай вытворчасці — іх работай задаволены — з трактарамі МТЗ 1221. Падбор і здрабненне валкоў на зялёную масу ажыццяўляюць «Джон-Дзір» і «Ягуар». Яшчэ адзін «Джон-Дзір» у агрэгаце з прэс-падборшчыкам-абмотчыкам «Фьюжн» занатоўвае масу ў рулоны. Сена прэсуе тэхніка бабруйскай вытворчасці.
Графік работы механізатараў у гарачую пару корманарыхтоўкі — з 7 да 20 гадзін. Той, хто косіць, можа затрымацца і пазней: зрабіць зачын на наступны дзень. У мэтах забеспячэння камфортных умоў працы на поле двойчы прывозіцца гарачае харчаванне. Кормаўборачныя комплексы забяспечаны кандыцыянерамі, што ў цяперашнюю спякоту асабліва да месца.
Ёсць у работнікаў і матэрыяльная заахвочанасць. Распрацаваныя нарматывы, у залежнасці ад віду работ, дазваляюць пры якаснай закладцы корму павялічыць заробак да двух разоў.
Уладзімір Уладзіміравіч Зуб
Святаслаў Іванавіч Зуб
Аляксандр Іванавіч Цэд
— Але ж, паўтаруся, пры ўмове, што чалавек заступаў і завяршаў работу ў адпаведнасці з графікам і сумленна працаваў, — удакладняе Ігар Аляксеевіч.
Чым раней у «Гіганце» скончаць з першым укосам, тым раней возьмуцца за другі і тым павялічаць шанцы завяршыць нарыхтоўку сенажу і сена да пачатку яшчэ адной значнай сельскагаспадарчай кампаніі — уборкі збажыны. Загадваць наперад тут звычкі не маюць, аднак задачу такую ставяць і ўпэўнена да гэтага імкнуцца.