У чацвер сянажную масу нарыхтоўвалі на сенажаці ля вёскі Чырвоны Агарод, звозілі ў траншэю на малочна-таварную ферму Рымаўцы. Сена рыхтавалі непадалёк ад Пабокавічаў на сенажаці ў 51 гектар, складзіравалі на сенавале жывёлагадоўчага комплексу Баранавічы. І таго, і другога віду травянога корму гаспадарцы патрабуецца даволі шмат — болей за 23 тысячы тон сенажу, 1200 тон сена і больш за 22 тысячы тон сіласу.
Ці ўдасца занатаваць асноўныя аб’ёмы менавіта з траў — яны на гэтую пару неблагія? Намеснік дырэктара філіяла Мікалай Барысавіч Гертман з адказам на гэтае пытанне асцярожнічае. Прычына — у адсутнасці дастатковай колькасці дажджоў, якіх высокім землям «Агракамбіната» і ў прынцыпе не бывае шмат, а таксама ў тэндэнцыі лета да засушлівасці. Каб разлічваць на кукурузны сілас, пасевы культуры тут сёлета павялічылі на 300 гектараў.
Сянаж у гаспадарцы рыхтуюць выключна традыцыйным спосабам — у траншэю, аднак шукаюць варыянты (сваёй тэхнікі няма), каб занатаваць і па прагрэсіўнай на сёння тэхналогіі — у палімерную абалонку. Сена прэсуюць у круглыя цюкі. Для гэтага маецца не адна адзінка тэхнікі.
Зрэшты, машынна-трактарны парк гаспадаркі працягвае абнаўляцца. Толькі сёлета ў лізінг набываюць 3 «МАЗы» з прычэпамі, 2 трактары «МТЗ-1221», «Амкадор», сеялку СПУ-6, а таксама МВТУ-20 для ўнясення мінеральных угнаенняў.
Іншая справа — механізатарскія кадры. Іх у «Агракамбінаце» не хапае. У мэтах вырашэння праблемы на час пасяўной, да прыкладу, запрашалі работнікаў «Маслічнага краю», іншых арганізацый. У гаспадарцы рады кожнаму зацікаўленаму ў выніках працы работніку. З задавальненнем прымуць у калектыў ветурачоў, механізатараў, вадзіцеляў, аператараў машыннага даення, скотнікаў, цялятніц — у тым ліку гараджан. Для тых, хто мае патрэбу ў жыллі, гатовы прадаставіць і такую магчымасць.
Разумеючы, што вынікі корманарыхтоўкі нашмат залежаць ад маральнага і матэрыяльнага настрою людзей, у філіяле прадпрымаюць усё магчымае, каб зарад бадзёрасці земляробаў, чый працоўны дзень у гарачую пару пачынаецца а 6-й гадзіне і доўжыцца да позняга вечара, утрымліваўся на планцы не ніжэй за «баявы». Сістэма аплаты на корманарыхтоўцы распрацавана такім чынам, каб выдатная праца выдатна аплачвалася. Ну а ў якасці маральнага заахвочання — імёны перадавікоў на стэндзе ля галоўнай будыніны агракамбіната ў Гарбацэвічах і — на старонках нашай газеты.
Знаёмцеся!
Адзін з лепшых працаўнікоў «Агракамбіната» — Аляксандр Раманавіч Гаўрыленка на КВК-800 падабраў па стану на чацвер каля 2 тысяч тон зялёнай масы
Васіль Васільевіч Аляксееў на «МТЗ-82» з ПС-12 перавозіць здробненую траву. У гаспадарцы ён зусім нядаўна, але з задачай спраўляецца і робіць гэта, як кажа, з задавальненнем
Сапраўдная асалода назіраць, як за граблямі «ватrake» пад кіраўніцтвам Васіля Іванавіча Фёдарава ўзнікаюць пухнатыя рады з густой травы
Дзмітрый Пятровіч Кунец працуе на УС-250 кпр-9. Тэмпы і якасць работы трымае высокія, нягледзячы на тое, што менавіта на гэтую тэхніку сеў упершыню
Вадзіцель «МАЗа» Юрый Анатольевіч Лавіцкі заняты ў гаспадарцы на розных справах. На дзень нашага наведвання — перавозіў сянажную масу да месца складзіравання
Юрый Уладзіміравіч Кузняцоў на «МТЗ-3022» у агрэгаце з ПС-60 перавёз каля адной тысячы тон будучага сенажу