— Трамбоўка зялёнай масы не спыняецца і ноччу, — адзначыла аграном Таццяна Падшывалава. — стараемся дзейнічаць па плану, не парушаць тэхналогій.
Аляксандра Кісялёва на трактары «МТЗ-3022» у начную змену змяняе Віталь Падшывалаў на «МТЗ-3522». Падбуртоўвае травяную масу Валерый Падшывалаў на «Амкадоры-342». Пасля таго як на Хімах неабходныя аб’ёмы корму будуць занатаваны, уся гэтая тэхніка перамесціцца на МТФ Слабада, дзе свайго часу чакаюць падрыхтаваныя сянажныя траншэі.
Там жа, на МТФ Хімы, прыкмецілі і рулоны сена.
— Яно таксама ўжо сёлетняе, — пацвердзіла субяседніца, — звозяць з урочышча Стоўпіцкае.
Нарыхтоўку сянажнай масы ажыццяўляў Іван Макееў на новенькім (працуе другі сезон) корманарыхтоўчым комплексе «Палессе» (КВК-800), за перавозкай травы засталі Івана Еўстратчыка на МАЗе. Іх тэхніка якраз мяняла месца дыслакацыі — перамяшчалася з сенажаці ля вёскі Цярэшкава на поле паблізу населенага пункта Вялічкава. Настрой, па словах нарыхтоўшчыкаў корму, у іх выдатны — абы б тэхніка не падвяла.
Усяго ў гэтае лета аграрыям Бабруйскага ААТ «Аграмашсервіс» неабходна пакласці 6 тысяч тон сенажу і 650 тон сена, ды пры тым — якасных.
— Людзі разумеюць важнасць пастаўленай задачы, — заўважыў галоўны аграном Андрэй Чорны, — таму нараканняў на іх работу няма.
Аляксандр Кісялёў
Валерый Падшывалаў
«Корманарыхтоўка — асноўная задача на гэтую пару, — падкрэсліла начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Жана Жукоўская. — па тэрмінах правядзення кампанія апераджае папярэдні год».
На гэты час, як яна адзначыла, у цэлым па раёне скошана болей за 30 працэнтаў ад запланаваных плошчаў, болей за палову ад скошанага — звезена з сенажацяў. Нарыхтавана 15 тысяч тон сенажу пры плане 97 тысяч тон і каля 400 тон сена пры плане 8700. Сена, па словах Жаны Жукоўскай, няшмат, таму што з траў першага ўкосу ў гаспадарках імкнуцца закласці як мага болей сенажу. Маецца ўжо таксама і адна тысяча тон сіласу (філіял «Агракамбінат КХП» ААТ «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў»).
Шэраг сельгасарганізацый: СВК «Гігант», ААТ «Стасеўка», «Аграмашсервіс», «Саўгас Кісялевічы» і «Неўскі-Агра», рыхтуюць корм у тым ліку ў полімерную абалонку, што значна павялічвае (пры ўмове тэхналагічнасці працэсу) яго якасныя характарыстыкі.
Гаворачы пра ўраджайнасць сенакосаў і пашы, Жана Жукоўская адзначае, што ў гаспадарках, дзе клапоцяцца пра іх паляпшэнне — своечасова перазалужваюць і падсейваюць, трава ў гэтым годзе нядрэнная (СВК «Гігант», філіял «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік», апошнім часам — «Агракамбінат КХП»). Той жа ААТ «Аграмашсервіс», па яе словах, сёлета набыў у «Гіганце» насенне мнагалетнікаў, заклаў уласныя насенныя ўчасткі з тым, каб у наступным годзе правесці перазалужванне.
Працягваюцца ў раёне і работы па доглядзе пасеваў: хімпраполка, фунгіцыдная апрацоўка азімага рапсу, яравой збажыны, кукурузы.
Іван Макееў
Іван Еўстратчык
Вядома, што зладжанасць любой сельскагаспадарчай кампаніі нашмат залежыць ад наяўнасці неабходнай тэхнікі. У нашым раёне, як паведаміў намеснік начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Каўранін, тэхнікі, каб своечасова — да 15 чэрвеня, завяршыць касьбу траў першага ўкосу і нарыхтоўку з іх сенажу і сена, дастаткова. Гэта і 30 кормаўборачных камбайнаў, 41 трактарная касілка, 26 грабель, 31 прэс-падборшчык для сена і саломы, 5 камбінаваных прэс-падборшчыкаў, з якіх два набылі непасрэдна да сёлетняй корманарыхтоўкі (ААТ «Неўскі-Агра» і філіял «Харчавік-Агра»). Такія ж прэсы, здольныя адразу падбіраць, здрабняць траву, абмотваць у сетку і заварочваць у стрэч-плёнку, маюцца ў СВК «Гігант», ААТ «Аграмашсервіс» і філіяле «Варатынь» ААТ «БЗТДіА». У гаспадарках, дзе іх няма (ААТ «Стасеўка», «Саўгас Кісялевічы»), ёсць абмотчыкі рулонаў. На невялікія аб’ёмы, як было адзначана, і гэтай тэхнікі дастаткова, каб своечасова справіцца з задачай — нарыхтаваць корм па прагрэсіўных тэхналогіях.