Сёлетні план сяўбы ў 300 гектараў у СВК “Гігант” асвоілі за тыдзень, зрабіўшы нязначны перапынак на дождж. Перад працягам пасяўных работ, па словах галоўнага агранома Уладзіміра Залужнага, глебу паўторна рыхтавалі — праходзіліся шыроказахопнай бараной, каб падабраць пустазелле і яшчэ раз выраўняць паверхню.
— На асобных палях бараной прайшліся нават тройчы, — канстатуе Уладзімір Аляксандравіч. — Стручкі ў соі размяшчаюцца нізка, і калі поле не будзе роўным, пры яго ўборцы магчымы значныя страты.
Карэспандэнты “раёнкі” паназіралі за сяўбой соі ў пятніцу. У той дзень яе сеялі двумя агрэгатамі. Ля вёскі Азёры гэтую работу выконваў механізатар Алег Уладзіміравіч Вяроўкін на трактары МТЗ-3522 у агрэгаце з сеялкай АКПМ-6 (на фота). Вячаслаў Іванавіч Зуб сеяў культуру на Джон Дзіры.
На полі ля Азёраў сою сеяў Алег Уладзіміравіч Вяроўкін
Дзмітрый Ігаравіч Тарасевіч упэўнена манеўраваў пагрузчыкам Manitou 735
Улічваючы тое, што соя патрабуе пільнага догляду, у гаспадарцы, па словах галоўнага агранома, ужо набылі і неабходны гербіцыд для яе апрацоўкі, каб своечасова ўнесці на пасевы.
Мяхі з насеннем падвозіў на МАЗе Сяргей Канстанцінавіч Педан
Сяргей Іванавіч Дайнека займаўся міжраднай апрацоўкай бульбы (яе ў гаспадарцы таксама пасадзілі)
З сабранага ўраджаю 60-65 тон пакідаюць у “Гіганце” на насенне, астатнія выкарыстоўваюць у якасці сыравіны для ўласнага камбікормавага завода. Сучасны завод гаспадаркі аснашчаны спецыяльным абсталяваннем, праходзячы праз якое соя губляе шкодныя рэчывы, і на выхадзе атрымліваецца прадукт — выдатны складнік камбікармоў для рознага віду жывёлы, рознай узроставай групы.
— Пасеялі сою ў аптымальны час па вільготнасці і тэмпературы глебы,— разважае Уладзімір Залужны, — праз дзён 7-10 чакаем усходы, а цяпер асноўнае — догляд пасеваў і падрыхтоўка да нарыхтоўкі травянога корму.