Займаюцца дадзеным відам работ адказныя і вопытныя механізатары Ступень Аляксандр Віктаравіч (на фота) і Юшкевіч Павел Уладзіміравіч. Іх трактары шпарка бегаюць па полі, пакідаючы за сабой раўнюткія рады густапакладзенай травы.
— З разлікам на пагалоўе нам сёлета неабходна нарыхтаваць 700 тон сена, 7 тысяч тон сенажу і столькі ж сіласу, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Валянціна Масолава. — З задачай разлічваем справіцца, тым болей што маюцца мінулагоднія запасы травянога корму.
— На гэтую пару палеткі выглядаюць надзвычай прывабна, — адзначае кіраўнік філіяла Міхаіл Мікалаевіч Стрыжэўскі на пад’ездзе да поля, дзе сышліся сурэпіца з рапсам. — Усё, што ад нас залежыць, зрабілі, але ж канчатковы вынік будзе залежаць ад надвор’я.
Варта адзначыць, што на пасевах у гаспадарцы выконваюцца ўсе доглядныя работы: своечасова набываюцца неабходныя прэпараты і выкарыстоўваюцца згодна нормы. Ужо двойчы правялі інсектыцыдную апрацоўку азімага рапсу, а таксама фунгіцыдную апрацоўку, хімпраполку азімых культур, яравых зерневых, зернебабовых, часткова фунгіцыдную апрацоўку азімых зерневых культур. Наперадзе — працяг апошняга, а таксама хімпраполка кукурузы на плошчы 400 га.
— Усе нашы грошы — ад жывёлагадоўлі, — адзначае Міхаіл Стрыжэўскі, — таму ўся работа завязана на гэтай галіне. Для нас надзвычай важна нарыхтаваць якасны корм, тэхналагічна правільна яго збалансаваць і атрымліваць добрыя надоі. Над гэтым і працуем.
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»