На днях зацікаўленыя службы пабывалі ў Бабруйскім сельскагаспадарчым адзяленні ПВУП «Калінкавіцкая зверагаспадарка» Белкаапсаюза, наведалі рамонтна-механічную майстэрню і малочна-таварную ферму в. Слабада Бабруйскага ААТ «Аграмашсервіс», рамонтна-механічныя майстэрні ААТ «Міхалёўская Ніва» і СВК «Гігант», а таксама малочна-таварны комплекс вытворчага кааператыва ў М. Бортніках.
— Неабходнасць у правядзенні такога роду мерапрыемстваў відавочная, — адзначыла Таццяна Варанко. — У час выяўленыя парушэнні патрабаванняў аховы працы папярэджваюць калецтвы і смяротныя выпадкі на вытворчасці — праблема стаіць надзвычай востра ў краіне.
На вышэйзгаданых аб’ектах звярталася ўвага на чысціню і парадак, выкананне правілаў пастаноўкі тэхнікі на рамонт, правілаў эксплуатацыі і захоўвання электраабсталявання, ацяпляльных прыбораў, наяўнасць і гатоўнасць да эксплуатацыі прадметаў па тушэнні пажараў, выкарыстанне работнікамі спецадзення, правядзенне з імі інструктажоў. З улікам таго, што пераважную частку аб’ектаў мабільная група наведвае не ўпершыню, правяралася выкананне раней выдадзеных рэкамендацый, у асаблівасці тых, што не патрабавалі значных фінансавых затрат.
І калі на аб’ектах таго ж «Гіганта» парушэнняў заканадаўства аховы працы амаль не выяўлена, то да астатніх меўся шэраг пытанняў. У прыватнасці, на тэрыторыі зверагаспадаркі была не зачынена шчытамі назіральная яма ў памяшканні для рамонту і абслугоўвання транспартных сродкаў, выкарыстоўваецца драўляная лесвіца, стан якой не адпавядаў нормам заканадаўства, прычэпы да трактароў стаялі на драўляных калодках замест спецыяльных прыстасаваняў — казялкоў з абазначанай дапушчальнай вагой. На мехдвары в. Слабада адсутнічала ўпора ў варотах майстэрні, не абмежаваны доступ у назіральную яму, казялкі пад калёсамі тэхнікі без абазначанай дапушчальнай вагі. Прыкладна такія ж парушэнні на мехдвары «Міхалёўскай Нівы».
Хочацца адзначыць, што кожная норма і кожнае патрабаванне аховы працы «напісаны крывёю», таму любое прамаруджванне ў пазбаўленні ад недапрацовак выклікае як мінімум непаразуменне. Як максімум — здольна прывесці да бяды. Каб апошняга не здарылася, а парушэнні своечасова выяўляліся і ліквідаваліся, і працуе мабільная група па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі арганізацыям раёна.
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»