Менавіта падзяка за працу — і не толькі словам, але і песняй — стала повадам для сходу, які прайшоў у працоўным калектыве філіяла «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік» на гэтым тыдні з удзелам саветніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Барыса Клешчукевіча і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіны Чарновай.
— Мы завяршылі сяўбу ранняй ярыны, — адзначыў, звяртаючыся да калектыву дырэктар філіяла Міхаіл Стрыжэўскі. — Зрабілі гэта своечасова, бо падрыхтаваліся яшчэ з восені — практычна цалкам паднялі зябліва, унеслі мінеральныя ўгнаенні, чым значна знізілі цяжар на вясну. І кожны з вас зрабіў немалы ўнёсак у гэтую справу, што, вядома ж, будзе ацэнена па заслугах.
Тое, што ў гаспадарцы дояць сёння 19,6 літра малака на карову, заслуга, па словах дырэктара, і работнікаў палёў, якія забяспечылі трывалую кармавую базу. Таму павелічэнне аб’ёмаў продажу малака, як ён адзначыў, напрамую ўплывае на заробак усяго калектыву.
Акцэнтуючы ўвагу на працягу пасяўной — сяўбе кукурузы, якой у гаспадарцы бяруцца засеяць паўтысячы гектар, кіраўнік «Харчавіка-Агра» заклікаў земляробаў падыйсці да гэтага з тым жа сумленнем і адказнасцю, каб вынік сельскагаспадарчага года прынёс калектыву плён і шчодрую матэрыяльную прыбаўку сем’ям.
Словы падзякі за працу і цёплыя пажаданні на далейшую сяўбу яравых культур работнікам філіяла «Харчавік-Агра» выказалі таксама Галіна Чарнова і Барыс Клешчукевіч.
Не засталіся ў баку і работнікі культуры. Народны фальклорны ансамбль «Дубрава» Цялушскага СДК падзякаваў хлебаробам за працу і натхніў іх на працяг пасяўной цудоўным выкананнем беларускіх песень.
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»