Трэба адзначыць, што ўсе мерапрыемствы праходзяць пад знакам Года малой радзімы. Адкрыццё Тыдня адбылося 25 сакавіка на базе Каменскай СШ. Бібліятэкары цэнтральнай бібліятэкі і супрацоўнікі Цэнтра творчасці Бабруйскага раёна падрыхтавалі цікавую і займальную праграму «Бабруйшчына — маё натхненне: літаратурная творчасць нашых землякоў».
Дзеці даведаліся аб гісторыі ўзнікнення свята, адправіліся ў займальнае падарожжа па літаратурнай карце раёна, пазнаёміліся з творчасцю пісьменнікаў-землякоў: В. Дуніна-Марцінкевіча, П. Галавача, М. Аўрамчыка, А. Дзятлава, А. Адамовіча і М. Давідовіча. Для школьнікаў аформлена маляўнічая кніжна-ілюстрацыйная выстава «Бабруйшчына літаратурная», на якой прадстаўлены партрэты пісьменнікаў-землякоў, іх творы і літаратура аб іх дзейнасці.
Шмат шчаслівых хвілін падарыла дзецям конкурсна-гульнёвая праграма «Свята ўсіх, хто любіць кнігу, музыку і мастацтва», падрыхтаваная педагогамі-арганізатарамі Цэнтра творчасці. Усе без выключэння ператварыліся ў «казачнікаў» і дружна склалі сваю казку ў конкурсе «Калабок». Займальная музычная фізхвілінка на матывы беларускіх танцавальных мелодый «З любоўю да роднага краю» з лёгкасцю падняла настрой і дзецям, і дарослым. Арганізатары не ўпусцілі магчымасці пазнаёміць дзяцей з літаратурнымі навінкамі «Навінкі для чытаек» і прадэманстравалі дзецям цыкл мультыплікацыйных фільмаў па любімым творам.
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»