Асноўная мэта сустрэчы за круглым сталом — пошук і абмеркаванне ўзаемавыгадных шляхоў для замежных інвестыцый у Бабруйскі раён. Кіраўнік раёна пазнаёміў гасцей з сацыяльна-эканамічным становішчам Бабруйшчыны, выказаў спадзяванне, што сустрэча стане выніковай.
З абодвух бакоў прагучалі канкрэтныя прапановы для эканамічнага супрацоўніцтва. Кіраўнікі бабруйскіх сельгасарганізацый выказалі цікавасць да сумесных праектаў, здольных пашырыць бабруйскім вытворцам магчымасці для экспарту сельгаспрадукцыі.
У сваю чаргу старшыня Польска-Беларускай гандлёва-прамысловай палаты прапанаваў раённым аграрыям пазнаёміцца з цікавым, на яго думку, інвестпраектам па будаўніцтве біягазавай (на аснове арганікі) устаноўкі, накіраванай як на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне, так і на задавальненне патрэбы ў энергіі. Наколькі цікавай будзе дадзеная прапанова для нашых сельгасвытворцаў, апошнія вырашаць, як было адзначана, пасля дэталёвага вывучэння інвестыцыйнага праекту і абгрунтаванасці яго эканамічнай выгады.
Сустрэча прайшла ў цёплай абстаноўцы. На памяць пра наведванне Бабруйскага раёна Павел Найдзён уручыў польскаму госцю сувенір.