Пабываўшы напрыканцы тыдня на сенажацях гаспадаркі, дазналіся, што работы тут вядуцца не адзін дзень. Перш чым прыступіць да закладкі сянажнай траншэі ля жывёлагадоўчага комплексу Баранавічы (іх там будзе дзве, астатнія — з кукурузным сіласам), такім жа кормам запоўнілі “ямы” у Пятровічах і Багушоўцы. Наступным месцам дыслакацыі корманарыхтоўчай тэхнікі і людзей, што яе абслугоўваюць, сталі, як нам паведамілі, сенажаці паблізу в. Навасёлкі.
Віталь Баранаў заняты на перавозцы зялёнай масы. У гаспадарцы ён болей за 20 год, таму спецыфіку работы на корманарыхтоўцы, гэтак жа, як і “нораў” свайго трактара МТЗ-82, ведае добра.
Арцём Астрэйка (на фота злева) кіруе КВК-800. У яго задачах — падбор, здрабненне травы і перапраўка зялёнай масы ў прычэп перавозчыка. Апошнім, у адпаведнасці з чаргой, можа быць і трактар МТЗ-1221 з прычэпам ПС-45, якім у дзень нашага наведвання запраўляў механізатар з 12-гадовым стажам у гаспадарцы — Анатоль Кузняцоў (на фота справа).
А вось для Аляксандра Булацкага спякота — не перашкода ў рабоце на сенажаці. Камбайн «Ягуар», якім механізатар кіруе чацвёрты сезон, аснашчаны кандыцыянерам, што стварае неабходныя ў такіх умовах працы ўтульнасць і камфорт.
Аляксандр умее і любіць працаваць. У гаспадарку прыйшоў яшчэ да службы ў войску. Пасля яе праходжання таксама не стаў шукаць лёгкага хлеба, вярнуўся ў сельгасарганізацыю. І вось ужо на працягу 7 год разам з калегамі сумленна “служыць” роднай зямлі.
За трамбоўкай зялёнай масы ў траншэі на Баранавічах засталі Аляксандра Баліджана на трактары “Амкадор”. Работа, якой механізатар на працягу дня заняты, хоць і манатонная, але патрабуе вялікай засяроджанасці: ад якасці трамбоўкі ў многім залежыць якасць будучага сенажу.
Другі механізаваны атрад засталі акурат падчас абедзенага перапынку. Для людзей, чый працоўны графік у гэтыя дні надзвычай напружаны ды пры тым ускладнены спякотай ад раніцы да вечара (кандыцыянерамі пахваляцца нямногія), час перадыху мае асаблівае значэнне. Гэтак жа, як і сам абед, да гатавання якога кухары гарбацэвіцкай сталоўкі, дзе ежу гатуюць, ставяцца з разуменнем узятых на сябе абавязкаў, наколькі магчыма, пашыраюць відавы спектр страў. У дзень нашага наведвання, да прыкладу, раздатчыца абедаў Святлана Якуніна прапаноўвала земляробам боршч, крупяную кашу з мяснымі катлетамі, гарбату са свежай выпечкай. Па ацэнцы корманарыхтоўшчыкаў — смачна.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты “Трыбуна працы”