У пацверджанне Мікалай Барысавіч бярэ ў рукі раслінку і дэманструе прысутным, як побач са старым, чорным па колеры карэннем маладзенькіх усходаў упэўнена заяўляюць пра сябе тоненькія светла-шэрыя адросткі, што азначае — вегетацыя пачалася і пасевам тэрмінова патрабуецца падсілкаванне. Неабходным для гэтых мэт азотам гаспадарка, па словах Мікалая Гертмана, забяспечана на 80% ад веснавой патрэбы, дагаворы заключаюцца, мінеральныя ўгнаенні працягваюць паступаць. З улікам таго, што ахапіць падкормкай у «Агракамбінаце КХП» плануюць звыш трох тысяч гектараў — акрамя азімых зерневых культур, азімы рапс, сурэпіцу, пасевы на зялёны корм — на гэты від работ спатрэбіцца не меней за два тыдні. Зрэшты, зерневыя ў філіяле, па словах першага намесніка дырэктара, перазімавалі нядрэнна.
А ўжо ў панядзелак да падкормкі пасеваў далучыліся ворыўныя работы, унясенне арганікі. Стартавалі яны на палях так званай гарохаўскай зоны, дзе лёгкай пясчанай глебе пагражае хуткае абязводжванне. На запытанне, ці сапраўды зямля тут гатовая да палявых работ, начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Жана Жукоўская прапанавала праверыць гэта старадаўнім, запатрабаваным у аграномаў-практыкаў метадам — падняла з зямлі ком, сціснула яго ў далоні, а затым з вышыні выцягнутай рукі кінула зноў на зямлю. Ком рассыпаўся, што азначае — глеба тут гатовая да сяўбы.
Закрыццём вільгаці ў дзень нашага наведвання займаўся ў тым ліку Валерый Лісоўскі. Яго трактар Беларус-3022 у звязцы з КПС-12 — новенькім, набытым па восені культыватарам шырынёй захопу 13 метраў — упэўнена вымалёўваў па полі ўзоры з узрушанай глебы.
Раскідванне арганічных угнаенняў вялося на полі ля вёскі Дворышча. Адзін за другім трактары рупліва пад’язджалі да бурта, дзе складзіравалася вывезеная за зіму арганіка, запаўнялі прычэпы перагноем і гэтак жа імкліва раз’язджаліся. З ліку іншых прыцягваў да сябе ўвагу новы, бабруйскай, як аказалася, вытворчасці, упершыню задзейнічаны ў гаспадарцы раскідвальнік МТУ-15-1, які асвойваў, кіруючы трактарам Беларус-3022, вопытны механізатар Юрый Кузняцоў.
У адрозненне ад тэхнікі з традыцыйным гарызантальным раскідваннем арганікі новая робіць гэта вертыкальна і больш якасна здрабняе ўгнаенні.
Ужо сёння ў філіяле прыступаюць да сяўбы яравога аўсу. Гэтая зерневая культура найбольш устойлівая да павышанай вільготнасці глебы. Незнарок у народзе кажуць: «Сей авёс у гразь, будзеш князь».
Увогуле, да палявых работ і сяўбы «Агракамбінат КХП», як адзначыў Мікалай Гертман, падрыхтаваны. Гэта датычыцца як насення, так і сельгастэхнікі. Што да кадраў механізатараў, то патрэба ў іх будзе вырашана ў тым ліку за кошт работнікаў вытворчага ўчастка галаўнога прадпрыемства «Маслічны край». Вядома ж, павышаная ўвага ў гэтыя дні надаецца пытанням аховы працы. Неабходныя ўмовы створаны для гарачага харчавання людзей на пасяўной.
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»