Накіраванае на выяўленне і выкараненне на тэрыторыі сельсавета, як адзначыў старшыня райвыканкама Павел Найдзён, існуючых праблем мерапрыемства адразу прыняло форму канструктыўнага дыялогу. Знаёмячы аўдыторыю з прадстаўніком чарговай арганізацыі, што аказвае паслугі насельніцтву, кіраўнік раёна ставіў канкрэтныя пытанні. Да вяскоўцаў — якія маюцца праблемы? Да тых, хто за дадзены накірунак работы адказвае — калі яны будуць вырашаны?
Пытанняў было нямала. Асноўная іх частка тычылася традыцыйных для гэтай пары і ўвогуле для сельскай мясцовасці “дарожных” праблем — неадкладнай увагі патрабуе дарожнае пакрыццё ў вёсцы Ганчароўка, у Хімах па вуліцы Школьнай, грэйдзіравання і падсыпкі чакаюць іншыя дарогі сельсавета. Даючы адказ, дырэктар філіяла КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ-171 Георгій Шкрадзюк адзначыў, што рамонт вуліцы Школьнай уключаны ў сёлетні гадавы план, дарогу ж з Ганчароўкі на Вялічкава, гэтак, як і шэраг іншых, чакае падсыпка — з усталяваннем станоўчых тэмператур цякучыя рамонты актывізуюцца.
Станам гандлёвага абслугоўвання жыхары сельсавета, як стала зразумела, у цэлым задаволены, аднак выказалі прапановы пастаўляць болей хлеба ў поліэтыленавай упакоўцы, павялічыць аб’ём хлебабулачнай прадукцыі бабруйскіх вытворцаў, кампаніі “Дамачай”.
За абмеркаваннем медыцынскіх паслуг ад грамадзян паступіла просьба ўсталяваць на мясцовым ФАПе поручні. Прыняўшы апошняе да ўвагі, галоўны ўрач БГП №2 Міхаіл Семянюк нагадаў прысутным аб вартасці прафілактычных мерапрыемстваў для захавання здароўя і аб магчымасці вяскоўцаў прайсці бясплатнае абследаванне на ранняе выяўленне анкалагічных хвароб (падрабязная інфармацыя аб гэтым — на 1-й старонцы нумара газеты). Пытанне да камунальнікаў тычылася выкарыстання грошай, якія жыльцы шматкватэрных дамоў плацяць за тэхабслугоўванне і капітальны рамонт, і магчымасці адмовіцца ад іх аплаты. Апошняе, па словах спецыялістаў УКП “Жылкамгас”, немагчыма: вышэйзгаданыя паслугі адносяцца да ліку асноўных. Яны расказалі, на што выкарыстоўваюцца мэтавыя сродкі.
Шмат увагі было ўдзелена тэме занятасці мясцовых жыхароў. Грамадзян, якія не працаўладкаваны або працаўладкаваны з парушэннем працоўнага заканадаўства (пытанні да наймальніка) і не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў, у сельсавеце не адзінкі. Сітуацыя ўскладняецца тым, што большасць з іх злоўжываюць спіртным, схільныя да асацыяльнага ладу жыцця. Між тым з кожным незанятым чалавекам праведзена размова.
Не абыйшлі на сходзе актуальную на гэтую пару тэму навядзення чысціні на зямлі і напрамую звязаную з ёй — веснавых палаў. Што трэба ведаць, якіх правілаў прытрымлівацца, каб благі намер навесці парадак не прывёў да трагедыі, распавёў прадстаўнік гаррайаддзела па НС.
Падводзячы вынікі пашыранага сходу, Павел Найдзён выказаў спадзяванне, што яго мэты — палепшыць дабрабыт жыхароў сельсавета — будуць дасягнуты. Ва ўсялякім разе паабяцаў асабіста ўпэўніцца ў гэтым, сазваўшы грамадскасць на чарговую такую ж сустрэчу.