Не застаецца ў баку ад значных падзей і Бабруйскі раён. Як паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чарнова, раён прыме ўдзел у «Вянку дружбы», а таксама ў інвестыцыйным форуме 30 чэрвеня. У межах фестывалю ў сельскіх дамах культуры будуць наладжаны канцэртныя праграмы, удзел у якіх прымуць 14 міжнародных калектываў. Падчас інвестфоруму будзе працаваць выстава — прэзентацыя раённых турыстычных аб’ектаў, а нашыя творчыя калектывы наладзяць для ўдзельнікаў форуму канцэрт. Акрамя гэтага, 1 і 2 ліпеня на адной з гарадскіх пляцовак будзе працаваць раённы стылізаваны падворак «Глушанскі хутарок», удзельнікі якога збіраюцца тут жа гатаваць і частаваць традыцыйнай беларускай стравай — духмянымі дранікамі, як бабруйчан, так і гасцей урачыстасцей. 2 ліпеня калектывы раёна са званнямі «народны» і «узорны» прадэманструюць свае творчае майстэрства на цэнтральнай сцэнічнай пляцоўцы Бабруйска — на плошчы Леніна.