Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Понедельник, 20 Ноябрь 2023 09:08

Самая высакародная праца — на зямлі

Гэтага меркавання герой аповеду, шматразовы пераможца раённага працоўнага спаборніцтва, галоўны аграном ААТ «Неўскі-Агра» Аляксандр Іванавіч Мельнік прытрымліваўся і тады, калі толькі прымаў рашэнне звязаць прафесійнае жыццё з сельскай гаспадаркай, і цяпер, калі за плячыма без малога чатыры дзясяткі год працы ў галіне.

Ці то бацькава з маці прызванне паўплывалі (Раіса Аляксандраўна працавала ветэрынарным урачом, Іван Аляксеевіч — механізатарам), ці яго асабістая прыроджаная схільнасць да зямлі, а хутчэй — і тое, і іншае прывялі да таго, што юнак з Мікулічаў не паддаўся агульнай тэндэнцыі стаць гараджанінам. Ён паступіў у Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію, каб вярнуцца на малую радзіму спецыялістам-аграрыем.

Вярнуўся. Працоўны шлях пачаў з агранома-меліяратара. Пазней быў за брыгадзіра механізаванай калоны, галоўнага агранома саўгаса Дойнічава, СВК імя Дзяржынскага. У 90-ыя на працягу васьмі год узначальваў агранамічную службу калгаса імя А. Неўскага. У працоўнай біяграфіі Аляксандра Іванавіча таксама старшынства ў СВК імя Дзяржынскага, дырэктарства ў раённай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін. З 2015 года ён ізноў у роднай гаспадарцы, сярод землякоў, знаёмых з дзяцінства мясцін, клапоціцца пра ўраджайнасць кожнага кавалачка роднай зямлі.

— Жывем на вёсцы, а таму і лад жыцця вядзем адпаведны, — кажа субяседнік. — Маем хатнюю гаспадарку: трымаем жывёлу, апрацоўваем зямельны на­дзел, жонка з задавальненнем займаецца кветкамі (Ганна Дзмітрыеўна — родам з Баб­руйска, працуе дырэктарам Туркоўскай СШ). Да працы на зямлі змалку прывучалі і дзяцей.

Акрамя таго што высокапрафесіянал, Аляксандр Мельнік — шматдзетны баць­ка. Трое сыночкаў і лапачка-дочка, як кажуць у народзе, — гонар майго субяседніка: выраслі выхаванымі, працавітымі, з паважлівым стаўленнем да бацькоў. Старэйшы сын працуе ў органах унутраных спраў, сярэдні — выкладчык Бабруйскага аграрна-эканамічнага каледжа, малодшы — вадзіцель і адначасова студэнт сельгасакадэміі. Наймалодшая ў сям’і — дачка, навучаецца ў Мазырскім педуніверсітэце на педагога замежнай мовы.

Аляксандр Мельнік упэўнены — высокіх вынікаў у раслінаводстве не дасяг­нуць без тэхналагічнага падыходу да працэсаў вырошчвання культур. Гэтае зразумеў, у гэтым упэўніўся яшчэ на пачатку прафесійнай дзейнасці, калі давялося на працягу года стажыравацца ў Германіі. Скрупулёзнасць, тэхналагічнасць, высокаарганізаванасць людзей, якія забяспечваюць вытворчы працэс, — тое, што вынес для сябе з той паездкі. Пры тым, што раслінаводчая галіна нашмат залежыць ад на­двор’я, навуковы падыход да земляробства, як лічыць галоўны аграном, дазваляе значна знізіць страты ўра­джаю падчас прыродных катаклізмаў. Надзвычай важным лічыць і павялічэнне ўрадлівасці зямель — працаваць варта на перспектыву, дбаць пра будучыню сельгас­вытворчасці. І да таго, і да другога ў ААТ «Неўскі-Агра», па словах субяседніка, імкнуцца наколькі гэта магчыма.

Як і многія з яго пакалення, Аляксандр Мельнік лічыць сябе чалавекам савецкай эпохі і закалкі.

— Тады братам лічыліся і казах, і татарын... Вельмі перажываю за сітуацыю, у якой апынуліся дзве блізкія нам суседнія краіны і, як кожны беларус, спадзяюся, што паміж некалі братнімі народамі хутка і зноў усталюецца мір, — кажа ён.

Як грамадзяніна і работніка сельгасвытворчасці хвалюе майго субяседніка і старэнне насельніцтва вёсак, праблема замацавання ў іх моладзі. Пры гэтым герой аповеду ўпэўнены, што сельгаспрадпрыемствы павінны развівацца — даваць магчымасць людзям, якія жывуць на сяле, зарабляць грошы, памнажаць дабрабыт. Апошняе важна, бо праца на зямлі — самая высакародная.

Зусім нядаўна Аляксандр Іванавіч адзначыў 60-гадовы юбілей. Да гэтай значнай даты ў жыцці чалавека падыйшоў з немалым багажом. Праграму «мінімум», як з усмешкай заўважае, выканаў і нават перавыканаў: пабудаваў дом, пасадзіў не адно, а шмат дрэў, выгадаваў не аднаго сына. Да таго ж, займаецца любімай справай. Нялёгкай, турботнай, шматзадачнай, але па душы, сярод землякоў, на родных прасторах. І яго праца мае плён. яго ўнёсак на ка­рысць раёна і краіны ацэнены. Падчас сёлетніх «Дажынак», што прайшлі ў аг. Варатынь, Аляксандр Іванавіч Мельнік у каторы ўжо раз за працоўную біяграфію ўзышоў на п’едэстал гонару — ён прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод галоўных аграномаў сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.

І яшчэ. Аляксандр Іванавіч вельмі лёгкі да ўзаемадзеяння са СМІ. Зрабіць у газету тэрміновы рэпартаж, падаць факт — ніколі не адмовіць. І хоць сам ад фотакамеры пад любой падставай ухіляецца — з вялікай ахвотай і нават асалодай успрымае кожную магчымасць прадэманстраваць добрасумленнасць працы ў гарачую пару сваіх падначаленых, непасрэдных удзельнікаў палявых работ.

Мы дзякуем Аляксандру Іванавічу за гэта, віншуем яго з юбілейным днём нараджэння і надыходзячым прафесійным святам, жадаем моцнага здароўя, дабрабыту, збыцця запаветных мар. І ўпэўнены — на яго рахунку будзе яшчэ не адна працоўная перамога.

Прочитано 185 раз
ЗанятостьТуризм и отдых Лицензирование Туристическая карта Бобруйского района Трудоустройство молодежи в свободное от учебы время
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.