У абноўлены пералік рыбалоўных угоддзяў фонду запасу, дзе дзейнічаюць абмежаванні па спосабах лоўлі рыбы, указанымі ў пункце 72 правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, уключана і рака Бярэзіна з прылягаючымі пойменнымі вадаёмамі ў межах Бабруйскага, Кіраўскага, Клічаўскага, Асіповіцкага раёнаў. Абмежаванні па спосабах лоўлі на тэрыторыі гэтых раёнаў распаўсюджваюцца на лоўлю рыбы на дарожку з судоў з рухавікамі і на падводнае паляванне. Гэта азначае, што такія спосабы лоўлі рыбы тут забаронены.
Варта адзначыць, што змены ў нарматыўным прававым акце ініцыяваў дэпутат Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў Дзяніс Прышчэпа. Ён накіраваў ў Бабруйскі раённы і Магілёўскі абласны саветы дэпутатаў, а таксама непасрэдна ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання дэпутацкі запыт з прапановай пасадзейнічаць вырашэнню праблемы, выкліканай абмяленнем ракі Бярэзіна і прылягаючых пойменных вадаёмаў у Бабруйскім, Кіраўскім, Клічаўскім і Асіповіцкім раёнах. Бо лакальнае скапленне рыбы ў рацэ ў вузка абмежаваных месцах, як правіла, у руславых ямах на паваротах ракі, пагражае яе масаваму знішчэнню. Часта, падчас лоўлі на дарожку з судоў з рухавікамі, пры вялікай канцэнтрацыі рыбы адбываецца яе багрэнне і пашкоджанне.
Дапоўнены нарматыўны прававы акт сведчыць пра станоўчае ўзаемадзеянне законатворцаў усіх узроўняў і ўраду. Што да Дзяніса Прышчэпы, то ягоны ўдзел у гэтым — станоўчы прыклад дэпутацкай ініцыятывы, цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, неабыякавасці да будучыні роднага краю.