Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Понедельник, 04 Февраль 2019 10:04

Ёю ганарыцца раён

Рэдка хто ў 80-гадовым узросце — а маёй суразмоўцы Ніне Мікалаеўне Пінчук з в. Мікулічы 25 студзеня споўнілася менавіта столькі — здольны без напружання аднаўляць у памяці імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, з якімі сутыкаўся за гады працоўнага жыцця, даты тых ці іншых падзей у гэты перыяд. Колішняму брыгадзіру паляводчай брыгады ААТ «Неўскі-Агра» — працавала ў гэтай пасадзе з 1971 па 2016 год — даецца гэта з той жа лёгкасцю, як яшчэ зусім нядаўна працаваць.

«Жыццё пражыць — не поле перайсці», — заўважае мая суразмоўца. А палёў на яе працоўнай дарозе было столькі, што іншаму і за некалькі жыццяў не адолець. І, думаеце, шкадуе? Крыўдуе? Абураецца? Ніколькі! Наадварот — ганарыцца, дзякуе Богу і бацькам за прыроджаныя працалюбства, увішнасць, жаданне быць першай і лепшай, прыносіць карысць грамадству і краіне.

Апошняе Ніне Пінчук яшчэ як удалося! Упэўнена пералічвае пенсіянерка высокія ўрадавыя ўзнагароды, якіх удастоілася за 45 гадоў нязменнага брыгадзірства. Найбольш ганаровыя з іх — ордэны «Знак пашаны» і Працоўнага Чырвонага сцяга, залаты медаль ВДНГ, два сярэбраныя і адзін бронзавы медалі! У спісе ўзнагарод — не адзін Знак Пашаны, у тым ліку ад міністэрства прафсаюза. Неаднойчы з’яўлялася «ударнікам» пяцігодак. Падзякай за высокія дасягненні для калгасніцы з Бабруйшчыны сталі таксама двухтыднёвыя паездкі ў Венгрыю і ў сталіцу СССР — Маскву (там неаднойчы ўручалі ўзнагароды), удзел у шматлікіх урачыстасцях абласнога і рэспубліканскага маштабаў.

 

Ад нараджэння надзеленая спрытам і ўвішнасцю, падлетак Ніна першай з гурту панкратавіцкай дзетвары (у гэтым населеным пункце гераіня аповеду нарадзілася і вырасла) напаўняла кошык напаўгнілой бульбай, бегаючы па вясне па раллі, каб прынесці дадому хоць якой ежы.

— Дзяцей на тым полі, што птушак было, — са скрухай у голасе згадвае Ніна Мікалаеўна. — Голад у маім дзяцінстве быў страшэнны. У сям’і нас трое гадавалася — два браты і я, сярэдняя. Маці даводзілася нялёгка: бацька з фронту не вярнуўся. Старэйшы брат па характары быў спакойным, павольным, я ж — як вецер. Пакуль ён толькі наважыцца бульбу шукаць, я набяру і свой кошык, і ягоны.

Калі Ніна падрасла, то, як амаль і ўся вясковая моладзь, пайшла працаваць у мясцовую гаспадарку. Калгаснае жыццё ёй адразу спадабалася. Яшчэ ў дзявоцтве ёй, выдатнай працаўніцы, гаспадарка дала магчымасць пабываць у Маскве. Сеяць, палоць, убіраць ураджай — заўсёды наперадзе была. За якую б работу не бралася, выконвала яе хутка і якасна.

Праз некаторы час, ацаніўшы працоўны спрыт, адказнасць маладой жанчыны і яе арганізатарскія здольнасці, Ніну Мікалаеўну прызначылі весці ўлік у калгасе, а праз чатыры гады даручылі адказную пасаду брыгадзіра паляводчай брыгады. Замуж наша гераіня пайшла, як сама кажа, вельмі маладзенькай, таму сын і дачка на той час падраслі, адзін аднаго, як звычайна бывае, глядзелі, муж быў механізатарам, рамантаваў калгасную тэхніку.

— У нашым калгасе шэсць паляводчых брыгад было, і толькі адну ўзначальвала жанчына, — з усмешкай і не без гонару заўважае Ніна Мікалаеўна. — Працавалі так, каб дасягаць найвышэйшых вытворчых паказчыкаў. І дасягалі! Поспехам брыгады садзейнічала дысцыпліна, якая ў мяне была, можна сказаць, ваеннай. Сама да працы ставілася адказна, заўжды на работу прыходзіла загадзя. Такога ж падыходу патрабавала ад падначаленых. Бездакорна слухаліся і людзі, і коні (усміхаецца) — перамяшчацца ж часцей за ўсё даводзілася ў павозцы. Некалькі коней у маім распараджэнні было. Адзін за работай, іншыя адпачываюць. Я ж на іх не ездзіла — лётала: усюды старалася паспець, паглядзець, пракантраляваць. Выраз «Краля едзе!» (Ніна Мікалаеўна гучна смяецца) на членаў брыгады дзейнічаў безагаворачна.

Зрэшты, такую мянушку нявестцы-прыгажуні дала свякроўка, калі аднойчы ў размове з суседкамі па-добраму заўважыла — а вось і наша кралька ідзе. Мянушка хутка прыжылася, тым болей што як нельга лепей адпавядала выгляду маладой жанчыны. Прырода надзяліла Ніну Мікалаеўну не толькі спраўнасцю да працы, прыгожымі ўнутранымі якасцямі, але і знешнімі. Высокая і статная, з вытанчанымі рысамі твару, адметным густам і ўменнем падаць сябе, яна здольна была даць фору нават самай заўзятай гарадской модніцы.

— Прыгожа апранацца вельмі любіла, — гаворыць Ніна Мікалаеўна, дэманструючы ў пацверджанне розных часоў фотаздымкі. — Без прычоскі — ніколі і нікуды! Для гэтага падымалася да золку, у 4 раніцы, першай справай прыводзіла сябе ў парадак і толькі пасля ўпраўлялася па гаспадарцы.

— Людзі раней, і асабліва моладзь, да фізічнай працы больш ахвочыя былі, — разважае заслужаная калгасніца, параўноўваючы сваю маладосць і цяперашняе. — Ды і жыхароў у вёсках было значна болей...

Між тым прыемна радуе і суцяшае маю суразмоўцу, што калгас, якому яна аддала ўсё сваё працоўнае жыццё, дзеля якога вяршыла высокія дасягненні, па-ранейшаму дзейнічае, і запраўляюць ім адданыя земляробчай справе, неабыякавыя да патрэб вяскоўцаў кіраўнікі.

За час нашай размовы Ніна Мікалаеўна неаднойчы прасіла-нагадвала не пашкадаваць паперы: ад яе імя падзякаваць усім, хто і цяпер не застаецца безуважлівым да яе, хто ахвотна і своечасова рэагуе на просьбы і запыты пажылых людзей, якія нястомнай працай ладзілі дабрабыт мясцовай гаспадаркі і раёна — старшыні Бабруйскага райвыканкама Паўлу Іванавічу Найдзёну, старшыні Кавалёўскага сельсавета Сяргею Пятровічу Пацыенка, колішняму дырэктару ААТ «Неўскі-Агра» Васілю Уладзіміравічу Маліноўскаму і цяперашняму — Аляксандру Аляксандравічу Атрохаву, а таксама былым і цяперашнім работнікам гаспадаркі Салановічу Цімафею Тарасавічу, Мельнічонку Аляксандру Іванавічу, Аўчыннікавай Зінаідзе Іванаўне, Шаўцовай Галіне Іванаўне, Дудаль Надзеі Міхайлаўне.

Усім ім юбілярка зычыць здароўя і поспехаў, а сваёй роднай гаспадарцы — перажыць усе складанасці і выйсці на новы ўзровень дабрабыту.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»

Прочитано 700 раз
ЗанятостьТуризм и отдых Лицензирование Туристическая карта Бобруйского района Трудоустройство молодежи в свободное от учебы время
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.