— Аляксей Пятровіч, як ахарактарызуеце лістападаўскія адпраўкі прызыўнікоў?
— Адпраўкі прайшлі ў адпаведнасці з планам і патрабаваннямі нарматыўна-прававых актаў — зладжана, без парушэнняў грамадскага парадку, без здарэнняў.
— Дзе новае папаўненне праходзіць службу?
— Геаграфія традыцыйна шырокая. Гэта воінскія часці, якія размяшчаюцца ў Мінску, Магілёве, Гомелі, Віцебску, Баранавічах, Мар’інай Горцы, Слуцку, Жодзіна, Барысаве, а таксама ў нас у Бабруйску.
— Наколькі аб’ёмнай была работа прызыўной камісіі ў гэтую кампанію? Ці шмат грамадзян атрымалі адтэрміноўку ад прызыву і па якой прычыне?
— Камісіяй Бабруйска ў выніку правядзення мерапрыемстваў прызыву на тэрміновую воінскую службу і службу ў рэзерве было прынята болей за 140 рашэнняў. Адтэрміноўку ад прызыву атрымалі болей за 50 чалавек. Прычыны розныя — стан здароўя, працяг адукацыі, сямейныя абставіны.
— Ці маюцца сярод раённікаў тыя, хто ўхіліўся ад мерапрыемстваў па прызыве?
— Такія выпадкі мелі месца. Аднак колькасць тых, хто ўхіліўся, у адносінах да агульнай колькасці грамадзян, якія належалі прызыву на воінскую службу, невялікая — каля трох працэнтаў.
— Што чакае гэтых хлопцаў? Якія меры ў адносінах да іх прадпрымаюцца?
— Санкцыі для тых, хто не з’яўляецца без уважлівых прычын на мерапрыемствы прызыву па павестцы, прадугледжаны нормамі арт. 25.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (штраф да 5 базавых велічынь) і арт. 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу караецца штрафам, альбо арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да 2 год, альбо пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу, учыненае шляхам наўмыснага прычынення сабе цялеснага пашкоджання, альбо сімуляцыі хваробы, альбо падлогу дакументаў, альбо іншага падману — абмежаваннем волі на тэрмін да 5 год альбо пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
— Гэта тэарэтычна, а на практыцы, да якіх відаў адказнасці прыцягваліся прызыўнікі, якія дапусцілі ўхіленне ад прызыву, а таксама не з’явіліся па павестках без уважлівых прычын?
— Тут адзначу, што сярод прызыўнікоў Бабруйскага раёна няма грамадзян, якія сёлета прыцягваліся да крымінальнай адказнасці па ч. 1 арт. 435 КК РБ за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу. А вось тых, хто не з’явіўся ў ваенкамат па павестцы без уважлівых прычын і быў прыцягнуты за гэта да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 3 арт. 25.1 КоАП РБ, прыкладна 10 чалавек.
Пры гэтым заўважу, што раённыя прызыўнікі выконваюць канстытуцыйны абавязак па абароне сваёй краіны добрасумленна і з жаданнем.