Асаблівасцю 3-га квартала стала тое, што павялічылася колькасць паўторных зваротаў — усе яны прызнаны неабаснаванымі. Звычайна іх накіроўваюць грамадзяне, у чыёй звычцы дасягаць вырашэння ўласных пытанняў, не маючы на тое законных падстаў.
Амаль трэць зваротаў (31%), якія паступілі ў райвыканкам, датычылася пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. З іх найбольш частыя — выдаленне дрэваў, работа вулічнага асвятлення, цякучы рамонт дарог, налічэнне платы за аказанне паслуг па вывазе цвёрдых камунальных адходаў, навядзенне парадку на могілках і аплата на іх месцаў. Таксама актуальнымі ў гэты перыяд часу былі пытанні землеўпарадкавальнай службы. Звароты датычыліся тлумачэння заканадаўства гэтай сферы, аказання дапамогі ў вырашэнні спрэчных пытанняў, вызначэння межаў зямельных надзелаў. Зрэшты, апошнія, звязаныя са спрэчкамі паміж суседзямі, — найбольш частыя сярод тых, што датычацца работы зямельнай службы. Традыцыйна звярталіся грамадзяне па пытаннях архітэктуры і будаўніцтва, працы і заработнай платы, аховы здароўя.
Мелі месца, як адзначае Наталля Тропіна, і пытанні, выкліканыя фармальным падыходам да рашэння праблем, асабліва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: няякаснага выканання работ, прадастаўлення паслуг камунальнікамі. Захоўваецца практыка невыканання абяцанняў. Шматлікіх праблем можна б было пазбегнуць, калі б адпаведныя службы рэагавалі своечасова. У выніку да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 7 службовых асоб.
У мэтах папярэджання праблемных пытанняў, своечасовага на іх рэагавання ў 3-м квартале, як і на працягу папярэдніх, ажыццяўляліся выязныя прыёмы грамадзян, вяліся «прамыя лініі», у тым ліку асабістыя прыёмы кіраўніцтвам раёна. Колькасць зваротаў і тэлефонных званкоў за дадзены перыяд адпавядае аналагічнаму ў мінулым годзе.
Прычым найчасцей за вырашэннем праблемных пытанняў грамадзяне звярталіся непасрэдна да старшыні райвыканкама Паўла Найдзёна (за 9 месяцаў года 36 зваротаў з 44-х). Прыкладна столькі было і ў папярэднім годзе. Да кіраўніка раёна грамадзяне звярталіся па пытаннях працы і заробку (10), з іх 7 — працаўладкавання; камунальна-бытавых пытаннях і добраўпарадкавання — 8, жыллёвых — 6, зямельных — 5, фінансавых — 4.
У аддзеле таксама заўважылі, што пашырэнне практыкі выязных прыёмаў і правядзенне актыўнай інфармацыйна-тлумачальнай работы з насельніцтвам па найбольш актуальных пытаннях жыццядзейнасці па месцы жыхарства прывялі да зніжэння колькасці калектыўных зваротаў (у 3 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года).