— Наталля Вячаславаўна, парадавала паўгоддзе ці, наадварот, азмрочыла?
— З прыемнасцю адзначу, што са студзеня па ліпень, у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года, узровень падлеткавай злачыннасці ў раёне знізіўся: у мінулым годзе было 3 злачынствы, сёлета — 1. Не зарэгістравана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, а таксама тых, што ўчынены ў нецвярозым стане.
— Аднак адно злачынства за раёнам усё ж значыцца. Калі можна, падрабязней пра яго і, галоўнае, што, па меркаваннях камісіі, прывяло да гэтага?
— Злачынства — крадзеж — было ўчынена ў красавіку на тэрыторыі Глушанскага сельсавета двума школьнікамі. Адносіцца да катэгорыі меней цяжкіх (з гаража быў скрадзены электраінструмент), аднак учынена групай асоб. Што стала прычынай? Як часта ў такіх выпадках бывае — бескантрольнасць з боку законных прадстаўнікоў.
— Якая статыстыка па правапарушэннях? Ці шмат непаўналетніх, а значыць — іх законных прадстаўнікоў, было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, і за якія негатыўныя праявы?
— Падставы для адміністрацыйнага пакарання былі рознымі. Да прыкладу, 5 непаўналетніх прыцягнуты за парушэнне антыалькагольнага заканадаўства (у мінулым годзе 2), 2 — за парушэнне правілаў дарожнага руху. У адносінах апошніх разгледжана 6 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія звязаны з кіраваннем транспартнымі сродкамі. Адзін непаўналетні прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за курэнне ў грамадскім месцы.
Значна вырасла колькасць бацькоў (9 супраць 1), якія прыцягнуты да адказанасці за незабеспячэнне суправаджэння дзяцей па-за жылля ў цёмны час сутак. Пры гэтым з 8 да 6 зменшылася колькасць тых, хто прыцягнуты да адказанасці за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў. Што датычыцца адказнасці дарослых, якія віноўны ў спойванні непаўналетніх, то за такія парушэнні штрафаў удастоіліся 16 чалавек (у мінулым годзе 14), за продаж алкагольных напояў прыцягнуты да адказнасці 6 работнікаў гандлю (4).
— Наколькі зразумела, правапарушэнні, звязаныя з алкаголем, пераважаюць?
— Так. І гэта пры тым, што павялічылася колькасць асоб, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за спойванне непаўналетніх і продаж ім алкаголю. Прычыны, чаму падлеткі бяруцца за алкаголь, зноў жа — у дарослых, у ладзе іх жыцця, традыцыях, сямейных звычках і адсутнасці бацькоўскага кантролю за дзецьмі. Гэта пацвярджаецца фактамі. З 7 непаўналетніх, што ўжывалі спіртныя напоі, 5 — увечары і ўночы, 2 — у перыяд з 15 да 17 гадзін. Пры гэтым 5 правапарушэнняў учынена ў выхадныя дні і святы, 2 — падчас канікулаў. У трох выпадках повадам для ўжывання алкаголю стала святкаванне дзён нараджэння, у двух — святы, яшчэ ў адным — культурна-масавае мерапрыемства ў горадзе.
— А чаму парушаюць правілы дарожнага руху? Наколькі ведаю, пра іх расказваюць не толькі школьныя настаўнікі, але і інспектары ДАІ, наведваючыся ва ўстановы адукацыі непасрэдна?
— Гэта так. І тут асноўная прычына ва ўпэўненасці падлеткаў і іх бацькоў у беспакаранасці. У абодвух выпадках кіравання непаўналетнімі транспартнымі сродкамі дарослыя ведалі пра намеры дзяцей і пра тое, што пагражае за кіраванне без вадзіцельскага пасведчання, але не прынялі мер, каб спыніць іх, а значыць — прадухіліць правапарушэнне.
...Атрымліваецца, што пытанняў да дарослых нават болей, чым да саміх непаўналетніх. Безумоўна, 14-18 год — а парушальнікі заканадаўства часцей менавіта ў гэтым узросце — ужо і свая галава на плячах павінна быць. Але ж жыццёвая дарога падлеткаў толькі пачынаецца, і хто, як не дарослыя — у першую чаргу бацькі, павінны быць зацікаўлены і рабіць усё магчымае, каб іх хлопчыкі і дзяўчынкі раптам не саступіліся?
Важна ведаць
У адпаведнасці з арт. 17.13 КоАП Рэспублікі Беларусь (невыкананне абавязкаў па суправаджэнні альбо забеспячэнні суправаджэння непаўналетняга ў начны час па-за жылля), прадугледжана пакаранне ў выглядзе папярэджання альбо штрафу ў памеры да 2-х базавых велічынь, за паўторнае такое ж парушэнне — ад 2-х да 5-ці «базавых». У гэтае лета за ўчыненне дадзенага віду адміністрацыйных правапарушэнняў штрафаў «удастоіліся» жыхары пас. Туголіца і аг. Леніна.