Наведвальнікамі камісіі сталі незанятыя ў эканоміцы краіны жыхары раёна, якія значацца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі. Многія з іх членам камісіі добра вядомы: свае гісторыі пазбаўлення работы расказваюць не па першым разе, праўда, выправіць сітуацыю, палепшыць уласнае становішча не спяшаюцца. Да гэтай катэгорыі можна аднесці і 56-гадовага жыхара в. Старынкі, які, жывучы на пенсію маці, пастаянна знаходзіць перашкоды, каб не зарэгістравацца, што замінае афіцыйнаму працаўладкаванню. Праўда, да апошняга чалавек і не імкнецца: разлічвае на датэрміновую пенсію РФ, дзе некаторы час працаваў. Але і гэта, як у каторы ўжо раз грамадзяніну патлумачылі, наўрад ці атрымаецца: адсутнічае рэгістрацыя. Разарваць замкнуты круг можна, але для гэтага павінен парупіцца сам чалавек. Пакуль жа воз, як кажуць, на адным месцы.


Адсутнасцю галоўнага дакумента (пашпарт знаходзіцца на ўзнаўленні) патлумачыў афіцыйную незанятасць і 43-гадовы жыхар Рэдкага Рога. 42-гадовы Аляксандр з Тажылавічаў запэўніў, што да канца тыдня будзе працаўладкаваны. У пацверджанне апошняга грамадзяніну нагадана прадаставіць у камісію адпаведны дакумент...
— Дэтальна разбіраемся па кожным выпадку, сумесна шукаем найлепшае рашэнне. Не сказаць, што ўсё гладка: многія з тых, хто прыходзіць на камісію ў райаддзел міліцыі, вядуць асацыяльны лад жыцця, не прывыклі сумленна працаваць. Але ж ёсць і тыя, каму дапамагаем знайсці работу. У любым выпадку падрабязна інфармуем людзей, куды звярнуцца за вакансіяй і «суправаджаем» на шляху да гэтага, каб грамадзянін палепшыў уласны дабрабыт і прыносіў карысць краіне, — заўважыла старшыня камісіі Ірына Старавойтава.
У гэты дзень члены камісіі заслухалі больш за 10 сяльчан працаздольнага ўзросту. У папярэджанне супрацьпраўных паводзін з кожным з іх інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Кацярына Цыганкова правяла прафілактычную размову.