Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Понедельник, 15 Май 2017 15:00

15 мая — Дзень сям`і. Непрыдуманае Шчасце

Цяжка сказаць, па якіх такіх прыкметах адразу кінулася ў вочы, што мне насустрач ідзе не проста прыгожая, а і шчаслівая жанчына. Аналізуючы ўжо цяпер, мяркую, што па ўпэўненых рухах, па яскравым позірку, па шырокай усмешцы, па лагодных зваротах да гарэз-дзетак, якія абляпілі як мухі і па-дзіцячы непасрэдна імкнуліся прыцягнуць увагу дарослых, наперабой расказваючы пра свае малечыя, такія важныя, як здаецца ў дзяцінстве, справы. Мець не адно-двое дзяцей, як прынята ў большасці сямей, а цэлых пяцёра для жыхаркі раёна Вольгі Зеньковіч (на фота) здаецца гэтак жа натуральна, як мець дзяцей у прынцыпе.

Родам з Шараеўшчыны Хімоўскага сельсавета, дзе і цяпер жыве яе маці, Вольга сама вырасла ў сям’і з такой жа колькасцю дзяцей і бачыць у гэтым толькі станоўчае.

— Мае сёстры, браты, іх дзеці — мы ўсе вялікая, дружная сям’я, — з запалам у голасе гаворыць мая гераіня. — У сям’і сярэдняга брата таксама чакаюць трэцяе немаўля. Нашы дзеці сябруюць адно з адным, летам разам бавяць час у бабулі ці ў нас на дачы, якая таксама ў Шараеўшчыне. Ім не сумна, заўсёды ёсць чым заняцца. Што да цяжкасцей, якіх, вядома ж, з прыбаўленнем дзяцей павялічваецца, то ні ў сям’і маіх бацькоў, ні ў нашай цяпер працы не цураюцца і не баяцца. Ва ўсіх трывалыя сем’і, усе імкнуцца да дабрабыту.

Зрэшты, самі Зеньковічы (муж Сяргей працуе экспедытарам на адным з прыватных прадпрыемстваў Бабруйска) дачу прыдбалі не толькі дзеля адпачынку. Штогод засаджваюць гектары рознай гароднінай, з першым цяплом набываюць у гаспадарку ўсемагчымую жыўнасць: курэй, качак, іншую птушку і нават парсючка. Даглядаюць іх, каб потым увосень і зіму быць забяспечанымі мясам з уласнага падворку.

— Вядома ж, трымаць гаспадарку таксама нетанна, — заўважае Вольга. — Іншыя скажуць — сабе даражэй. Але, па-першае, траты паступовыя дый акупаюцца, па-другое — прыемна ўсведамляць, што сям’я спажывае чыстую, не забруджаную хімікатамі прадукцыю. Дый нарэшце — што таксама трэба браць у разлік — дзеці прывучваюцца да працы, каб потым гаспадарамі быць у сваіх сем’ях.

Нараджаючы дзяцей, па словах Вольгі, яна ніколі не разлічвала на падтрымку дзяржавы, не прасіла болей, чым атрымліваюць іншыя маці яе статусу, і ўдзячная за тое, што мае. На сёння гэта зніжка на плату за дзіцячы садок, які наведваюць трое малодшых, дапамога па доглядзе дзіцяці да трох год і...

Вядома ж, у матэрыяльным плане нялёгка. Але ж і на сваёй працоўнай кар’еры жанчына не збіраецца ста¬віць кропку. Зусім хутка наймалодшай Марыйцы споўніцца тры гады, і Вольга — ва ўсялякім разе так плануе — працягне працу ў сельгасвытворчасці. У свой час яна скончыла Горацкую сельгасакадэмію і да нараджэння трэцяга дзіцяці была галоўным заатэхнікам ААТ «Саўгас Кісялевічы». Работу сваю любіла і ўпэўнена, што актыўная праца на вытворчасці — па яе натуры. Хоць, прызнаецца, і вельмі хвалюецца: у гаспадарцы памяняўся калектыў, кіраўніцтва, дый тэхналогіі не стаяць на месцы.

А пакуль галоўны Вольгін занятак — дзеці. «Толькі накарміць усіх — колькі часу патрэбна, — з замілаваннем гледзячы на малых, адзначае мая суразмоўца. — Акрамя традыцыйных першага, другога і трэцяга, у халадзільніку трэба каб быў перакус, таму пастаянна выпякаю пірагі, гатую піцу». Расказваць пра дзетак, падкрэсліваючы асаблівасці кожнага, Вольга не стамляецца. Найстарэйшы, 16-гадовы Арцём, вучыцца ў гандлёва-эканамічным каледжы на повара-афіцыянта і праяўляе да будучай прафесіі непадробны інтарэс, ён жа — безадказны матулін памочнік у хатніх справах. Ілля (яшчэ адзін сын ад першага шлюбу) любіць завіхацца з жыўнасцю, Васілінка — старанная і надзвычай сарамлівая дзяўчынка, Ігнат — любіць казкі і тое, каб перад сном матуля абавязкова была побач. Наймалодшая Марыйка — гарэза. Як і амаль кожная дзяўчынка, любіць прыгожа апранацца і фатаграфавацца.

— Калі ўсе ў адным пакоі, то, вядома ж, не абыходзіцца без валтузні, — з усмешкай працягвае аповед Вольга. — Суседка па дачы, бывае, скажа — дзяцей трэба выхоўваць больш строга. А я дык і не ведаю — правільна выхоўваю ці не: проста вельмі іх люблю.

Ад сябе бяруся сказаць, што выхоўвае Вольга сваіх дзяцей, напэўна ж, правільна, калі ўдастоена за гэта высокай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Маці (рашэнне аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў 2 мая гэтага года).

Гаворачы пра ўзнагароду, жанчына не ўтрымліваецца ад слёз. Я разумею, што прымушае іх ліцца ўзрушанасць. І, што гаварыць — радасць ад таго, што яе нялёгкія мацярынскія клопаты ацэнены па заслугах. Бо каму як не ёй зразумела, што нарадзіць дзяцей — адна справа, а гадаваць іх, выво-дзіць у людзі, падстаўляючы на хібах сваё мацярынскае плячо, — зусім іншая.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»

Прочитано 730 раз
ЗанятостьТуризм и отдых Лицензирование Туристическая карта Бобруйского района Трудоустройство молодежи в свободное от учебы время
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.