Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Четверг, 25 Апрель 2024 15:44

Рамонты дарог у Бабруйскім раёне вядуцца актыўнымі тэмпамі

Дарогі, іх стан — тое, што хвалюе, бадай, кожнага дарослага жыхара незалежна ад таго, гараджанін ён ці вясковец. Транспартныя зносіны для сучаснага чалавека — важная частка жыцця: працаўнікі шматлікіх раённых арганізацый, жывучы ў горадзе, штодня выкарыстоўваюць для перамяшчэння грамадскі ці ўласны аўтатранспарт. Добрая дарога ў гэтым і іншых выпадках — эканомія часу і сродкаў. А калі справа датычыцца тэрміновых службаў рэагавання: пажарнай, хуткай дапамогі, — то здароўе і жыццё.

Снег, ледзяны наст, як вядома, не лепшым чынам уздзейнічаюць на дарожнае пакрыццё, таму вясной тэма стану дарог абвастраецца, а работа адпаведных службаў (у Бабруйскім раёне гэта УКП “Жылкамгас” і філіял КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ №171) — прык­метна актывізуецца. Сёлета ж дарожнае пытанне і ўвогуле на кант­ролі кіраўніка краіны. Тыя ж грэйдзіраванне, падсыпка вуліц, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, трэба каб выконваліся па меры неабход­насці.

Якраз апошнім, падсыпкай дарог, займаліся ў дзень нашай паездкі па раёне работнікі жылкамгаса ў в. Рагалі Гарбацэвіцкага сельсавета. “Справу зрабілі патрэбную і, галоўнае, чаканую”, — заўважыў Барыс Цімко, гаспадар дагле­джанага домаўладання па вуліцы Партызанскай, дзе вяліся работы. Немалады чалавек па-вясковаму лёгка ўступае ў размову, заклікае і суседак перадыхнуць ад працы на градах.

— Вуліца Партызанская — мая родная, на ёй я вырас, бацькоўскую хату прыстасаваў пад дачу. Наша вуліца спакон веку была грунтовай. З часам тэхнікі пабольшала, выкарыстоўвацца інтэнсіўней, і вясной ды ўвосень па вуліцы стала цяжка праехаць. Праблему мы акрэслілі, і на яе адрэагавалі — у мінулым го­дзе пачаліся работы. Сёння іх працягнулі, і мы гэтым задаволены. Перад тым як прайсці грэйдзеру, засыпалі на дарозе няроўнасці. Спадзяемся, што і наступныя мерапрыемствы, як патрабуе тэхналогія, у хуткасці будуць выкананы. І па нашай вуліцы ў любую пару года з лёгкасцю пра­­­­­­е­дзе і машына хуткай дапамогі, і іншая тэхніка. Добраўпарадкаваная вёска стане больш прыцягальнай і для нашых дзяцей, унукаў, бо для іх жа і захоўваем усё гэта”, — эмацыйна кажа субяседнік.

***

Між тым вёска Рагалі — не адзіная, дзе ў гэтыя дні вядуцца дарожныя работы. З падсыпкай і грэйдзіраваннем вуліц, па словах начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела УКП “Жылкамгас” Анатоля Грабянца, ужо шчыльна папрацавалі ў населеных пунктах Сычкаўскага, Гарбацэвіцкага, Слабодкаўскага сельсаветаў, у Глушы (вуліцы Чкалава і Урыцкага). З апошняга — падсыпка пяшчана-гравійнай сумяссю і грэйдзіраванне ў вёсцы Дубаўка, аграгарадках Кавалі і Цялуша. “Акрамя таго праводзім ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця ў Рэдкім Розе, Брожы, Вішнёўцы, Пятровічах. Гэтую ж работу выконваем на зарэчным баку раёна, да прыкладу, адрамантавалі чатыры вуліцы ў Кавалях”, — удакладніў Анатоль Пятровіч.

Што датычыцца работ, звязаных з асфальтабетонам, для выканання якіх патрабуецца спецыялізаваная тэхніка, то іх выконвае ДРБУ-171. Яны на гэтую пару таксама вядуцца. Свежы прыклад — асфальтаванне дарогі на пад’ездзе да вёскі Даманова Вішнёўскага сельсавета.
— Выконваем укладку стабілізацыйнага, ніжняга, слоя з асфальтабетона. Затым будзем укладваць яшчэ адзін, верхні, слой: па тэхналогіі на гравійную аснову асфальтабетон кладзецца ў два слоі, — патлумачыў майстар участка ўтрымання дарог Максім Казуцін на нашу заўвагу, што і
адзін слой даволі ўнушальны. Аб’ём работы прадпрыемства на гэтым участку, як ён адзначыў,
2,5-7 км. Пачалі ўкладку ў пачатку красавіка. З тэхнікі задзейнічаны асфальтаўкладчык, тры каткі і МАЗы, якія падвозяць асфальтабетон непасрэдна з завода. Таксама ў гэтыя дні, як адзначыў Максім Аляксандравіч, работнікі прадпрыемства займаліся адсыпкай абочын дарогі ў накірунку Шчаткава-Антонаўка, дзе нядаўна адрамантавалі асфальтавае пакрыццё.
У цэлым жа на абслугоўванні філіяла, як нам паведамілі, знаходзіцца 643,639 км мясцовых аўтадарог і 5 мастоў агульнай працягласцю 93,05 м. п. Фінансаванне на бягучы год складае 12 200 тысяч рублёў. У планах — асвоіць фінансавых сродкаў у памеры 14 440 тысяч, увесці ў эксплуатацыю 41,014 км аўтадарог, для чаго спатрэбіцца выпусціць 38 000 тон асфальтабетона.

Трыбуна працы

Прочитано 52 раз
ЗанятостьТуризм и отдых Лицензирование Туристическая карта Бобруйского района Трудоустройство молодежи в свободное от учебы время
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.