Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German

logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Четверг, 03 Март 2016 16:16

Падтрымаем добрую ініцыятыву!

У Бабруйскім раёне вядзецца збор грошай на стварэнне музея Алеся Адамовіча.

Нашай бабруйскай зямлі пашчасціла мець непасрэднае дачыненне да імя і творчай спадчыны выдатнага чалавека — пісьменніка, сцэнарыста, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча, чалавека, якога Васіль Быкаў назваў «фігурай еўрапейскага маштабу» — Алеся Адамовіча.

У свой час у пасёлак Глуша з міншчыны пераехалі бацькі будучага творцы. Маці Ганна Мітрафанаўна загадвала аптэкай, бацька Міхаіл Іосіфавіч быў медыкам. Менавіта яго намаганнямі ў пасёлку з’явілася бальніца. На ўлонні непаўторнай глушанскай прыроды прайшло дзяцінства Алеся Адамовіча. Тут, у Глушы, 14-гадовага хлапчука напаткала Вялікая Айчынная вайна. Разам з роднымі (Ганна Трафімаўна забяспечвала партызан медыкаментамі) ён прымаў удзел у дзейнасці антыфашысцкага падполля, змагаўся ў партызанскім атрадзе. Бацька ж з першых дзён вайны пайшоў на фронт, дзе быў ваенным урачом. Уражанні ад вайны пісьменнік пранёс праз усё жыццё і ўвасобіў іх у сваіх творах, каб данесці да кожнага жудасці, якія прыйшлося перажыць яму, падлетку, каб засяродзіць увагу ўсіх і кожнага на тым, што вайна — гэта гора і роспач, што дзеці і вайна — супрацьчалавечна.

Усім сэрцам любіў Алесь Адамовіч сваю Глушу і землякоў. Дзе б ні быў, абавязкова сюды вяртаўся. Тут, на мясцовых могілках, сярод родных, знайшоў ён і свой апошні спачын.

Дзякуючы творчасці пісьменніка пасёлак Глуша стаў вядомы на ўвесь свет: творы аўтара перакладзены болей як на 20 моў. Неўміручым стаў і подзвіг людзей, якія ў пасёлку жылі, змагаліся з акупантамі — сталі прататыпамі герояў рамана «Вайна пад стрэхамі». Па дылогіі Алеся Адамовіча Віктар Тураў зняў фільмы «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой». І першы і другі твор аўтабіяграфічныя — распавядаюць, на прыкладзе Глушанскага падполля, пра барацьбу ўсяго народа з фашыстамі.

Двацццаць два гады, як не стала Алеся Адамовіча, а ягоныя творы не губляюць сваёй актуальнасці, цікавасць да іх толькі расце. Тры гады таму ў Англіі выйшла «Хатынская аповесць». У адным з прэстыжных брытанскіх часопісаў была апублікавана рэцэнзія на англамоўную версію твора гісторыка Цімаці Снайдэра — аднаго з вядучых амерыканскіх спецыялістаў па гісторыі Усходняй Еўропы. Гісторык раіць унесці «Хатынскую аповесць» у шорт-ліст найлепшых твораў свету 20-га стагоддзя. У мінулым годзе «Хатынская аповесць» пад назвай «Ідзі і глядзі» была выдадзена ў Францыі. Фільм «Ідзі і глядзі» англічане прызналі адным з найбольш моцных фільмаў пра вайну па сваім уздзеянні на гледача.

Сёлета Бабруйшчына разам з усёй краінай будзе адзначаць 72-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 71-ю — Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Да гэтага часу дажылі адзінкі з тых, хто са зброяй у руках абараняў радзіму, няўмольна радзеюць рады тых, чыё дзяцінства апаліла вайна. А былая аптэка — цэнтр Глушанскага падполля, стаіць і дагэтуль. Штораз праязджаючы праз пасёлак, мімаволі кідаю позірк на гэты будынак — галоўнае дзеючае месца раманаў Алеся Адамовіча, згадваю герояў яго твораў, намагаюся ўявіць, як разварочваліся падзеі... Становіцца не па сабе ад усведамлення таго, якой рызыкі падвяргалі сябе глушанскія падпольшчыкі. Будынак аптэкі — як напамінак пра той гераічны час, як нагад людзям увекавечыць подзвіг змагароў і не дапусціць паўтору тых страшэнных падзей.

Ужо даўно ўзнікла задумка стварыць у будынку колішняй аптэкі музей Алеся Адамовіча, а ў вобласці — аб’ект рэспубліканскага значэння, цікавасць да якога б праяўлялі і замежныя госці. Тым болей што сёння ў Беларусі актыўна развіваецца ўязны турызм. У стварэнні музея зацікаўлена і дачка Алеся Адамовіча Наталля, якая гатова дапамагчы з экспазіцыяй. Грамадскасць Глушы шырока абмяркоўвае дадзены праект. Жыхары пасёлка гатовы аказаць як матэрыяльную падтрымку, так і пасільную дапамогу ў падсобных будаўнічых работах. Ужо ёсць нават прапанова назваць будучы музей «Вайна пад стрэхамі»: плануецца, што ён будзе прысвечаны не толькі Алесю Адамовічу і яго гераічным бацькам, але ўсёй Глушы — людзям, чые мужнасць і самаахвярнасць у гады вайны заслугоўваюць быць увекавечанымі. Бабруйскі райвыканкам, пры ўмове стварэння музея, гатовы зрабіць яго філіялам раённага гісторыка-краязнаўчага і ўвесці стаўку навуковага супрацоўніка.

Але, каб усё гэта ажыццявіць, патрабуюцца немалыя грошы, найперш — на рэканструкцыю будынка. Ужо зразумела, што па цяперашнім часе стварыць музей можна толькі пры фінансавай падтрымцы ўсіх неабыякавых людзей. І добра б было, шаноўныя чытачы, калі б такімі людзьмі сталі ў тым ліку і мы з вамі. Дзеля будучыні нашых дзяцей, дзеля міру на зямлі.

***
Открыт благотворительный счет для сбора средств на реконструкцию здания под музей А.Адамовича
Отдел идеологической работы, культуры и по делам молодежи Бобруйского райисполкома
р/с 3642129272326 в филиале 703 ОАО СБ «Беларусбанк», код 706 г.Бобруйск, УНН 701226324.
Назначение платежа «Для изготовления проектно-сметной документации и реконструкции здания в п.Глуша под музей А.Адамовича»

Прочитано 917 раз
ЗанятостьТуризм и отдых Лицензирование Туристическая карта Бобруйского района Трудоустройство молодежи в свободное от учебы время
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.