На полі паблізу вёскі Савічы падчас нашага наведвання рупілася некалькі трактароў. Ігар Аляксандравіч Шынкаронак на МТЗ-82 з РУ-1000 і Аляксандр Віктаравіч Ступень на МТЗ-10-25 з новенькім раскідвальнікам мінеральных угнаенняў замежнай вытворчасці займаліся ўнясеннем апошніх пад ярыну, пазней — пераехалі на гектары з азімым рапсам і збажыной для іх падкормкі.
Ігар Шынкаронак
Аляксандр Ступень
Непасрэдна ж сяўбой займаўся Мікалай Уладзіміравіч Юшкевіч. Яго трактар МТЗ-3022 у звязцы з пасяўным агрэгатам АКПМ-6 упэўнена хадзіў па полі, уносіў у пакуль яшчэ вільготную зямлю ячменнае насенне, загрузка якога — на Віктару Анатольевічу Крычко.
Мікалай Юшкевіч
Віктар Крычко
— У параўнанні з мінулым годам пачатак сяўбы сёлета, як і сама вясна, некалькі запознены, у 2020-м сеяць мы пачалі 14 сакавіка, — разважае аграном гаспадаркі сяргей Пятровіч Бялоўскі. — Далей адцягваць, каб даць магчымасць зямлі прагрэцца, няма куды: вільгаць на нашай пясчанай глебе затрымліваецца нядоўга. Трэба спяшацца.
У тым, што гаспадарка своечасова справіцца з сяўбой, сумнявацца не даводзіцца. Адказныя адносіны да работы, незалежна ад таго — пасяўная ці ўборачная кампаніі на парадку дня, калектыў філіяла “Харчавік-Агра” пацвярджае штогод.