Забеспячэнне харчовай бяспекі ў дзеянні. У Бабруйскім раёне ўвялі ў строй новыя жывёлагадоўчыя памяшканні
Малочна-таварны комплекс філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс”, уведзены ў эксплуатацыю ў 2024 годзе, сёлета дапоўніўся новымі вытворчымі памяшканнямі. Тут адкрылі трэці па ліку кароўнік — на 300 галоў дойнага статка і цялятнік на 300 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы. Удзел ва ўрачыстасці з нагоды гэтага ўзялі першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі, намеснік старшыні канцэрна харчовай прамысловасці “Белдзяржхарчпрам” Анатоль Уласевіч, старшыня Бабруйскага райвыканкама Міхаіл Крыцкі, іншыя ганаровыя госці.
Сяргей Савіцкі падзякаваў за працу ўсім, хто меў дачыненне да рэалізацыі праекта. Асобныя словы ўдзячнасці выказаў кіраўніцтву Бабруйскага райвыканкама і ААТ “Чырвоны харчавік”, дырэктару філіяла “Харчавік-Агра”.






— Спадзяванні на павелічэнне вытворчасці, якія мы мелі, адкрываючы гэты малочна-таварны аб’ект паўтара года таму, спраўдзіліся — тут дасягнуты добрыя вынікі. Што пацвярджае — дзяржаўныя сродкі ўкладзены правільна, — адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама і дадаў, што развіццю сельскай гаспадаркі надаецца надзвычайная ўвага, гэтая галіна цяпер — нумар адзін. Дзякуючы ўкараненню сучасных тэхналогій, з’яўленню сучасных жывёлагадоўчых аб’ектаў Магілёўшчына здольна зрабіць сур’ёзны прарыў у сельскагаспадарчай галіне і асабліва жывёлагадоўлі.


Анатоль Уласевіч, віншуючы калектыў і ўсіх прысутных са значнай падзеяй, заўважыў, што дзяржаўнай праграмай да 2030 года ў Беларусі будзе ўзведзена не меней за 77 сучасных МТК. З улікам рэканструкцыі старых МТФ у цэлым будзе функцыянаваць каля 500 высокатэхналагічных аб’ектаў — на гэта прадугледжаны дзяржаўныя грашовыя сродкі. Да маштабнай задачы, у мэтах забеспячэння харчовай бяспекі краіны, як ён заўважыў, падключыўся і іх канцэрн.



У сваю чаргу старшыня Бабруйскага райвыканкама Міхаіл Крыцкі і дырэктар ААТ “Чырвоны харчавік” Ігар Кісель уручылі лісты ўдзячнасці работнікам, якія займаліся мантажом жывёлагадоўчых памяшканняў, і кіраўнікам арганізацый, якія ўзялі на сябе рэалізацыю праекта.
Сучасны МТК, як было сказана, гэта не толькі павелічэнне вытворчых паказчыкаў, але інвестыцыі ва ўстойлівае развіццё прадпрыемства, умацаванне харчовай бяспекі рэгіёна і краіны, стварэнне новых магчымасцяў для будучых пакаленняў працаўнікоў сельскай гаспадаркі. І сёння з упэўненасцю можна казаць, што філіял “Харчавік-Агра” развіваецца, ідзе ў ногу з часам, стварае трывалую аснову для далейшага росту.
Па словах Марыны Аўрамчык, дырэктара “Харчавіка-Агра”, на новым МТК утрымліваецца 2200 галоў жывёлы, у тым ліку 810 — дойны статак. З мінулага года, калі комплекс быў укамплектаваны, тут значна выраслі вытворчыя паказчыкі. Тэмп росту вытворчасці малака склаў 148%, тэмп росту выручкі — 174%. На адну карову ўдзень сёння дояць 25 кг малака. А з улікам увядзення дадатковых памяшканняў разлічваюць паказчыкі і яшчэ павялічыць. Калі за мінулы год на карову надаілі больш за 6 тыс. кг прадукцыі, то па выніках сёлетняга разлічваюць 8 тысяч. Новыя памяшканні збіраюцца камплектаваць уласнай жывёлай, якая ў гаспадарцы ўжо маецца.



















