Вучні Цялушскай школы ўрачыста ўступілі ў піянеры і ў члены БРСМ
Піянерская дружына імя А.П. Гайдара на базе Цялушскай сярэдняй школы 10 лютага папоўнілася 11-ю піянерамі, а трое школьнікаў — членаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі ўступілі ў шэрагі БРСМ.
На ўрачыстасці з нагоды пасвячэння рабят у піянеры Цэнтр творчасці Бабруйскага раёна перадаў на захаванне ў школьны музей выкананыя ў натуральную велічыню макеты ордэнаў і медалёў часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія зрабілі выхаванцы цэнтра да конкурсаў, што праводзіла Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў.





Перадаючы макеты, да юных грамадзян падчас цырымоніі развітання з піянерскім гальштукам звярнулася старшыня раённай арганізацыі ГА «БРПА» Алена Смарчок:
— Перад вамі не проста копіі. Гэта напамінак пра тое, што ў кожнай сям’і нашай краіны ёсць свае героі. Вы павінны ведаць, што такія ўзнагароды ўручаліся і салдатам, і афіцэрам, і партызанам, і працаўнікам тылу — усім, чые мужнасць і любоў да Радзімы прывялі да Перамогі над нямецка-фашысцкімі акупантамі. Ганарыцеся слаўнымі суайчыннікамі, захоўвайце памяць пра іх, перадавайце яе нашчадкам, беражыце мір і адзінства Рэспублікі Беларусь.
Асобна Алена Смарчок зрабіла наказ тым, хто стаў членам «БРСМ». Заклікала школьнікаў любіць сваю зямлю, напоўнены сэнсам піянерскі дэвіз “Будзь гатоў! Заўжды гатоў!” перанесці ў “камсамольскае” жыццё. Не баяцца марыць, упэўнена ісці да сваёй мэты, спазнаваць навукі, садзейнічаць развіццю роднай краіны.










