Услых пра жаночае здароўе, пра жаночае шчасце
Чаму важна быць здаровым фізічна і маральна? Як захаваць здароўе? Якія пагрозы ўзнікаюць на шляху да гэтага і як іх абыйсці? Гэтыя і іншыя пытанні адкрыта і прафесійна абмеркавалі 15 мая медыкі БГП №2 на сустрэчы з работнікамі ўпраўленняў і аддзелаў Бабруйскага райвыканкама. Мерапрыемства ініцыянавана інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Бабруйскім раёне ў межах Года беларускай жанчыны.
Акцэнт спікеры зрабілі на прафілактыку. Яна Ананіч, урач кабінета прафілактыкі, падрабязна спынілася на тэме папярэджання рака малочнай залозы. Захворванне лічыцца адным з самых распаўсюджаных відаў анкалагічных захворванняў і часцей за ўсё яму схільныя жанчыны, таму ім неабходна своечасова праходзіць абследаванне ў гінеколага і мамолага. Не лішняй, на думку лекара, будзе штодзённая самадыягностыка, пры дапамозе якой можна будзе на ранняй стадыі захворвання звярнуць увагу на незвычайныя праявы або сімптомы, каб загадзя звярнуцца па медыцынскую дапамогу.



Інструктар-валеолаг паліклінікі Ларыса Колесава пераканаўча распавяла, наколькі важна рухальная актыўнасць, якую карысць яна нясе для здароўя жанчыны. Рэгулярныя трэніроўкі неабходны для здароўя, прадуктыўнасці і стабільнага эмацыйнага стану. «Нават лёгкія паўгадзінныя заняткі дапамогуць надоўга захаваць бадзёрасць, умацаваць мышцы і косці, абараніць сэрца», — канстатавала Ларыса Уладзіміраўна, звяртаючыся да прысутных.
Цікавымі і слушнымі былі заўвагі і парады псіхолага Алены Ганчаровай пра тое, як захаваць цёплыя адносіны паміж мужчынай і жанчынай надоўга. З гадамі ў пары паміж партнёрамі каханне можа паступова згасаць, калі свядома не рабіць крокі насустрач свайму каханаму. Захаваць каханне, падкрэсліла псіхолаг, магчыма, калі быць уважлівым, паважаць межы іншага, яго выбары і захоўваць давер і адкрытасць.
Увага, з якой слухалі прысутныя медыкаў, шматлікія пытанні ў адрас выступаючых — яркае пацверджанне таго, што тэма здароўя для жанчын — хвалюючая. А даведацца нешта новае ў напрамку прафілактыкі хвароб не бывае лішнім.








