«Уладаром сяла» раённага этапа рэспубліканскага праекта стала сям’я Шыманскіх
Раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», які стаў на Бабруйшчыне сапраўдным святам, традыцыйна прайшоў у Цялушы. На пляцоўцы ў цэнтры аграгарадка сабраліся як удзельнікі захапляльнага спаборніцтва, так і тыя, хто прыйшоў-прыехаў іх падтрымаць, мясцовыя жыхары.
За права ўдастоіцца тытула «Уладар сяла» спаборнічалі чатыры сям’і: Яўген і Вольга Арцёмчыкі з дзецьмі Даніілам, Усеваладам і Аляксандрай (Каменская спецыяльная школа-інтэрнат); сям’я Бяржаніных — Валерый і Алеся, іх сын Максім (Бабруйскі лясгас); Уладзімір і Вольга Шыманскія з дочкамі Юліяй і Валерыяй і сынам Мікітам (ЗАТ «Птушкафабрыка «Вішнёўка»); Дзмітрый і Анастасія Аўрамчыкі з дзецьмі Гардзеем, Елісеем і Мар’яй (СВК «Гігант»).

Ацэньвала канкурсантаў кампетэнтнае журы ў складзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрыя Вяроўкіна, галоўнага спецыяліста аддзела Валерыі Кушаваравай, загадчыка сектара культуры райвыканкама Аляксея Хамічонка, старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Максіма Ганжурава, першага сакратара РК ГА «БРСМ» Анастасіі Новікавай і старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяны Бокач.
— Спадзяемся, што конкурс прынясе вам шмат цікавых і запамінальных уражанняў. І няхай не кожны выйдзе ў пераможцы, але ўжо тое, што вы сталі ўдзельнікамі такога прэстыжнага раённага спаборніцтва, пацвярджае годнасць вашай сям’і, цеплыню сямейных адносінаў, грамадзянскую пазіцыю кожнага, вашу любоў да зямлі, малой і вялікай Радзімы, — адзначыў Дзмітрый Вяроўкін.
Божым блаславеннем натхніў сем’і настаяцель Свята-Мікольскага храма аг. Цялуша іерэй Аляксандр Ельскі.



На шляху да перамогі канкурсантам давялося пераадолець такое заданне як «Візітная картка «Вітаем па-беларуску», прадэманстраваць кулінарныя здольнасці, паўдзельнічаць у конкурсах «Па дровы» і сямейнай творчасці — «Сюрпрыз».
Аднолькава стараліся і дарослыя, і дзеці, праяўляючы эрудыцыю, кемлівасць, уменні, творчыя і спартыўныя здольнасці, артыстызм, майстэрства згуртоўвацца ў найбольш напружаных і адказных момантах.





































Журы падчас ацэнкі заданняў улічвала не толькі вынікі конкурсных выпрабаванняў, але і творчы падыход да іх рашэння, культуру выступу, павагу да традыцый, уменне працаваць камандай.
На час падвядзення вынікаў удзельнікі конкурсу набраліся столькі ўражанняў, што іх хопіць, як многія прызнаваліся, на годы. І гэта, бадай, ці не найлепшая падзяка за праяўленыя рашучасць і ініцыятыву паўдзельнічаць у захапляльным і адначасова сур’ёзным спаборніцтве. Тым болей прыемнай стала цырымонія ўзнагароджання.








Дыпломы і каштоўныя падарункі сем’ям Шыманскіх (дыплом 1-й ступені), Бяржаніных (2-й ступені), Арцёмчыкаў (3-й ступені) уручыў Дзмітрый Вяроўкін. Дыплом удзельніка і каштоўны падарунак сям’і Аўрамчыкаў уручыла ад БРСМ Анастасія Новікава. Шыманскія і Аўрамчыкі, да таго ж, атрымалі каштоўныя падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК, якія ўручыў Максім Ганжураў. Сям’я Арцёмчыкаў — падарункавы сертыфікат ад раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі з рук Таццяны Бокач. Валянціна Шэх, намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Бабруйскага лясгаса, павіншавала падарункавым сертыфікатам сям’ю Бяржаніных.
Тытул «Уладар сяла» — у сям’і Шыманскіх
Завяршыўся конкурс-свята фотаздымкам на памяць. Усе, хто назіраў за мерапрыемствам, яшчэ раз упэўніліся, што моц нашай краіны — у трывалых сем’ях, працавітых людзях, любові грамадзян да роднай зямлі.








