У “Гіганце” садзяць бульбу

У “Гіганце” садзяць бульбу

Стратэгічная для сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва культура сёлета будзе пасаджана на плошчы ў 400 гектараў. Да пасадкі клубняў прыступілі на пачатку тыдня, і на сёння 55 га ўжо засаджана.

Як заўжды, у гаспадарцы сур’ёзны падыход да гатунковасці і рэпрадукцыйнасці пасяўнога матэрыялу, што ў значнай ступені ўплывае на ўраджай. У гэтыя дні ў барозны кладуць уласнае насенне папулярных гатункаў “Брыз” і “Лель”, хутка далучаць “Скарб”.

Алег Бакланаў і намеснік старшыні СВК “Гігант” па ідэалагічнай рабоце Варвара Арцёмчык

Адначасова вядуць работу па набыцці суперэліты насення “Брыз” і ў цэлым, як адзначыў намеснік старшыні СВК “Гігант” Алег Бакланаў, у мэтах паляпшэння якасці ўраджаю намераны паступова мяняюць рэпрадукцыйны склад пасадачнага матэрыялу.

Непасрэдна на пасадцы бульбы заняты дзве адзінкі тэхнікі, столькі ж працуе на падвозцы клубняў, яшчэ адной пракладваюць барозны. Такога складу машын, як лічаць у гаспадарцы, пакуль дастаткова, хоць пры неабходнасці — павялічанай напружанасці работ гатовы “падключыць” трэцюю бульбасаджалку — тэхніка ў поўнай гатоўнасці.

Механізатары і паляводы, якія суправаджаюць пасадачны працэс, — загартаваныя, вопытныя ў сваёй справе людзі, працалюбівыя і адказныя. Таму сумненняў, што кампанія па пасадцы другога хлеба беларусаў пройдзе якасна і ў агратэхнічныя тэрміны, у гаспадарцы не дапускаюць.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Віктара ШЭЙКІНА.

На фота: Раман Швец запраўляе бульбасаджалкай. Алег Вяроўкін заняты на падвозцы пасяўнога матэрыялу. Аляксандр Герасімаў — яшчэ адзін кіроўца бульбасаджалкі.