У філіяле “Варатынь” сеюць кукурузу
Пад гэтую расліну ў філіяле “Варатынь” ААТ “Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў” сёлета запланавана заняць 1100 гектараў, з якіх 200 га — на зерне. Па дадзеных на раніцу 28 красавіка, як паведамілі ў гаспадарцы, было пасеяна больш за 460 га, або 42% ад плану, у тым ліку на зерневыя мэты — 100 га.
Пры гэтым яравыя збажына і зернебабовыя ў сельгаспрадпрыемстве цалкам пасеяны. План у 240 гектараў перасягнулі — выканалі на 106%, завяршыўшы сяўбу ранняй ярыны аднымі з першых у раёне. У поўным аб’ёме ад меркаванага пасеялі адналетнюю траву. Аднак, каб палепшыць сітуацыю з кармавой базай — не набываць корм у іншых, абыходзіцца ўласным, плошчу адналетнікаў у 178 га сёлета вырашылі ўдвая павялічыць і ў 2,5 разы павялічыць плошчу мнагалетнікаў. Сеяць адналетнюю траву пачнуць адразу пасля сяўбы кукурузы.
Агрэгатам кіруе Арцём Асташоў
Кіраўнік філіяла Канстанцін Шкельцін інспектуе работы на полі
— Кукурузу сеем адным агрэгатам, аднак гэта не стрымліваючы для нас фактар, — кажа кіраўнік філіяла Канстанцін Шкельцін. — Сеялка сучасная, высокавытворчая, шырынёй захопу 9 метраў. Каб пасяўная тэхніка не прастойвала ці прастойвала па-мінімуме, адначасова актыўна вядзем падрыхтоўку глебы пад кукурузу — пракладваем ворыва, уносім у глебу арганіку і мінеральныя ўгнаенні: азот, фосфар, калій. У цэлым гэтая работа выканана на большай палове плошчы.
Калектыў, па словах кіраўніка, адказны і згуртаваны, людзі разумеюць важнасць пастаўленай задачы. Між тым, назіраецца дэфіцыт кадраў. Таму ў сельгаспрадпрыемстве з задавальненнем прымуць у калектыў добрасумленных, заахвочаных у выніках работы спецыялістаў: галоўных агранома, інжынера, заатэхніка, а таксама механізатараў.
Заробак прапануюць высокі, падвоз да месца працы гараджан — уласным транспартам гаспадаркі.
Цяпер жа ў арганізацыі земляробчых працэсаў, у прыватнасці механізатарскімі кадрамі, філіялу “Варатынь” своечасова дапамагаюць завадчане — ААТ “БЗТДіА”, што дазваляе калектыву быць не толькі ў графіку работ, але і перадавіках паляводчых спраў.








