У Бабруйскім раёне з’явілася яшчэ адно знакавае месца

У Бабруйскім раёне з’явілася яшчэ адно знакавае месца

Прыродную крынічку, а разам і купель асвяцілі 18 студзеня, напярэдадні Хрышчэння Гасподня, у в. Дубаўка Цялушскага сельсавета.

Цырымонію асвяшчэння правёў настаяцель Свята-Георгіеўскага храма г. Бабруйска, пратаіерэй Генадзь Вейга. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі райвыканкама на чале са старшынёй Міхаілам Крыцкім, дэпутацкага корпуса, грамадскіх фарміраванняў, кіраўнікі і працаўнікі раённых арганізацый, мясцовыя жыхары і інш. З упэўненасцю можна сказаць, што на Бабруйшчыне з’явілася яшчэ адно знакавае месца, цікавае і для тутэйшых жыхароў, і для гасцей раёна. Месца, дзе можна не толькі адпачыць, палюбавацца хараством прыроды, спагнаць спякоту, наталіцца крынічнай вадой, але, як заўважыў Генадзь Вейга, задумацца аб сваім  жыцці, учынках, ачысціць душу, укараніцца ў веры, натхніцца на добрыя справы.

Ключы ад крынічкі і купелі кіраўнік раёна перадаў старшыні Цялушскага сельвыканкама Мікалаю Сакуну з наказам, каб доступ да іх быў неабмежаваны.

Ідэя добраўпарадкаваць месца, дзе спрадвеку біла крыніца, у раённай улады ўзнікла колькі год таму. Увесну мінулага года тут пачаліся работы,  у якіх актыўна паўдзельнічалі многія раённыя арганізацыі, у прыватнасці, Бабруйскі лясгас, жылкамгас, філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс”, ААТ “Міхалёўская Ніва”, мясцовы  сельвыканкам і інш.  

Побач з крынічкай вырашана было пабудаваць купель, а таксама летні домік для адпачынку. Узведзеныя з дрэва аб’екты арганічна ўпісаліся ў прыродны ландшафт. Хочацца спадзявацца, што для наведвальнікаў гэтае намоленае месца стане прыцягальным, тэрыторыя крынічкі грамадзянамі  будзе ўтрымлівацца ў чысціні і парадку.