Навагодняга ўсім цуда! Акцыя “Нашы дзеці” — у Каменскай спецыяльнай школе-інтэрнаце
Павіншаваць навучэнцаў і ўвесь калектыў сацыяльнай установы з надыходзячымі святамі, па традыцыі — з падарункамі, прыехала шмат гасцей. У іх ліку першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Савіцкі, старшыня Бабруйскага райвыканкама Міхаіл Крыцкі, кіраўнікі і прадстаўнікі шматлікіх прадпрыемстваў, арганізацый Бабруйшчыны і не толькі.







Тым часам пад навагодняй ёлкай у святочна прыбранай зале школы развярнулася цэлая інтрыга — Брэменскія музыкі разам з Каралём, Сняжынкамі, Снежнымі каралевамі, Зайкамі, Ваўкамі ды іншымі ляснымі жыхарамі настойліва шукалі Прынцэсу, якую скралі сквапныя да грошай Разбойнікі. Падрыхтаванае навучэнцамі і педагогамі цудоўнае навагодняе відовішча, майстэрская гульня дзяцей, іх выдатнае пераўвасабленне ў вобраз па-сапраўднаму захаплялі. Госці не стамляліся на апладысменты, у тым ліку, як многія прызнаваліся, за кранальныя хвіліны вяртання ў дзяцінства.




Усе разам вадзілі карагоды, пад гучныя воклічы клікалі Дзеда Мароза і Снягурку, запальвалі агеньчыкі на лясной, да самай столі прыгажуні. Дзеці з натхненнем чыталі навагоднія вершы, танцавалі, спявалі, атрымлівалі з Марозавага меху цукеркі, фатаграфаваліся — радаваліся святочнай атмасферы, увазе і падтрымцы дарослых, навагоднім падарункам.






Апошніх, як і добрых слоў, у гэты дзень было многа.
— Віншаваць, радаваць дзяцей заўжды надзвычай прыемна. Еду сюды падчас акцыі “Нашы дзеці” заўжды з асаблівым натхненнем і чаканнем, — падзяліўся Сяргей Савіцкі і, уручыўшы ад аблвыканкама падарунак — сертыфікат на набыццё прыстасаванняў для паляпшэння адукацыйнага працэсу, пажадаў усім міру і дабрыні.
















Поспехаў і чароўных навагодніх цудаў дзецям, здароўя і працоўнага запалу педагогам і ўсяму даросламу складу калектыва пажадалі іншыя ўдзельнікі дабрачыннай акцыі.








