Каб жыць, трэба рабіць. У Брожскім сельвыканкаме працавала камісія па занятасці
Чарговае пасяджэнне раённай камісіі па кантролі за работай па садзеянні занятасці жыхароў раёна прайшло сёння ў Брожскім сельвыканкаме. Пасяджэнне ўзначаліла старшыня Бабруйскага райсавета дэпутатаў Ірына Старавойтава.
На камісію звярнуліся грамадзяне, чый статут на сёння “беспрацоўны”. У адпаведным спісе сяльчане аказваюцца па розных прычынах, у тым ліку праз неадказнае стаўленне да патрабаванняў закона — непрадастаўленне ў камісію дакументаў, якія пацвярджаюць занятасць. Да прыкладу, жыхар Брожы, да таго як трапіць у бальніцу, працаваў па дагаворы падрада ў суседняй Расіі, аднак даведку пра гэта ў камісію не перадаў, як і пра сваё знаходжанне на стацыянарным лячэнні.
З кожным беспрацоўным праведзена тлумачальная работа аб неабходнасці быць занятым у эканоміцы краіны, у тым ліку для паляпшэння ўласнага дабрабыту, аб перавазе афіцыйнага працаўладкавання. Грамадзяне азнаёмлены са спісам вакансій па месцы жыхарства і ў гарадскіх арганізацыях і на прадпрыемствах. Наведвальнікам патлумачана, куды звяртацца для перавучвання — набыцця вострадэфіцытнай спецыяльнасці.









