У Кавалях ушанавалі Аляксандра Неўскага

12 верасня праваслаўная царква згадвае святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Для жыхароў аг. Кавалі — дзень асаблівы: імем святога названа сельгаспрадпрыемства, што размешчана на тутэйшых землях. А колькі год таму ў аграгарадку стаў дзейнічаць праваслаўны храм  у яго гонар.

— У праваслаўных вернікаў прастольнае свята ў гонар перанясення мошчаў святога благавернага князя Аляксандра Неўскага з горада Уладзіміра ў горад Санкт-Пецярбург, — патлумачыў настаяцель храма, іерэй Віктар Палкоўнікаў.  —  З імем Аляксандра Неўскага  ў нашых жыхароў многае  звязана: яго назву носіць мясцовае сельгаспрадпрыемства ААТ «Неўскі-Агра», у гонар святога пабудаваны наш храм.

У гэты дзень ў аграгарадку прайшло мерапрыемства, прысвечанае святкаванню прастольнага свята храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага, мэтай якога стала ўзнаўленне праваслаўных традыцый беларускага народа, умацаванне духоўна-маральных асноў жыхароў Бабруйшчыны.

Прыхаджане храма ў гонар святога благавернага князя Аляксандра Неўскага аг. Кавалі разам з настаяцелем і членамі Бабруйскага гарадскога аддзела РГА «Беларускае казацтва» , які цесна ўзаемадзейнічае з праваслаўнай царквой, зладзілі Хросны ход ад храма да Паклоннага крыжа,  правялі набажэнства.

Потым свята працягнулася на пляцоўцы каля сельскага Дома культуры. З канцэртнай праграмай выступілі народны казачы ансамбль «Вольніца», артысты мастацкай самадзейнасці ўстановы культуры. Тутака ж былі арганізаваны работа атракцыёнаў і гандлёвага павільёна.

Кіраўніцтвам ААТ «Неўскі-Агра» для гасцей свята было арганізавана чаяванне з прысмакамі.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара і з архіва Кавалёўскага СДК.

tribunapracy.by