Каментар Сяргея Грычанка аб пераносе срокаў павышэння камунальных тарыфаў

Каментар Сяргея Грычанка аб пераносе срокаў павышэння камунальных тарыфаў

На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб пераносе срокаў павышэння камунальных тарыфаў з 1 студзеня на 1 сакавіка.

Дырэктар  УКП «Жылкамгас» Бабруйскага раёна Сяргей Грычанок:

— Студзеньскія маразы сталі для нашага прадпрыемства сапраўдным выпрабаваннем. За месяц спажыванне цеплаэнергіі вырасла на 32,82%. Гэта зразумела: чым халадней на двары, тым вышэй тэмпература цепланосьбіта. Нашае прадпрыемства пастаўляе цеплаэнергію каля 70 % спажыўцоў раёна. І, нягледзячы на рэзкі рост спажывання, цяпло ў дамы прыходзіць без спазнення. На балансе Жылкамгаса значацца 24 кацельных, якія працуюць на мясцовых відах паліва. Мадэрнізацыя і рэканструкцыя дадзеных аб’ектаў дазваляе зніжаць цепластраты. Абнаўленне вядзецца за кошт дзяржаўных праграм — фінансуецца з бюджэту, абаротныя сродкі ўкладваем і мы таксама. У мінулым годзе, да прыкладу, завершана работа па мадэрнізацыі кацельнай па аб’екту “Мадэрнізацыя кацельнай на мясцовых відах паліва ў п. Тулоліца Бабруйскага раёна”. У цэлым жа сродкі на сферу ЖКГ дзяржавай укладаюцца значныя. За іх кошт мадэрнізуецца і праводзіцца капітальны рамонт жыллёвага фонду, рамонт дарог, добраўпарадкаванне. Адзначу і тое, што ў клопаце пра людзей дзяржава бярэ на сябе значную долю камунальных выдаткаў, сярод іншага — датацыя ўсіх відаў паліва, электраэнергіі. Тут неабходна адзначыць і рашэнне аб павышэнні тарыфаў не з 1 студзеня, а з 1 сакавіка, што, безумоўна, было станоўча ўспрынята жыхарамі нашага раёна і дапаможа грамадзянам пазбегнуць празмернай фінансавай нагрузкі ў гэтыя марозныя дні.