Заняты падрыхтоўкай глебы да веснавой сяўбы і ў ААТ “Неўскі-Агра”. Па стане на мінулую пятніцу (дзень, калі мы наведалі гаспадарку) ворывам было ахоплена звыш паловы (1 300 з 2 000 га) неабходных плошчаў. “Мяркую, што ў планавыя лічбы ўложымся, — адзначыў кіраўнік Аляксандр Аляксандравіч Атрохаў.
Восеньскай апрацоўкай глебы на новым (у рабоце другі год) трактары МТЗ-3522 з ППА-9,45 займаўся Сяргей Анатольевіч Кафідаў. На суседнім, больш нізкім полі, — на такой жа тэхніцы з дыскаплугам працаваў Юрый Яўгенавіч Арцёменка.
Сяргей Анатольевіч Кафідаў
Юрый Яўгенавіч Арцёменка
“Справу сваю хлопцы ведаюць, вопыту маюць дастаткова, каб ворыва пракладваць у адпаведнасці з патрабаваннямі”, — разважае галоўны аграном Аляксандр Іванавіч Мельнік.
На палях уносяцца дзе салома, а дзе арганічныя ўгнаенні. З вывазкай апошніх, па словах Мельніка, некалькі замарудзілі: тэхніка была задзейнічана на ўборцы кукурузы на зерне.
Зрэшты, кукурузнага зерня ў “Неўскім-Агра” сёлета намалацілі 3 700 тон, пабіўшы, як кажа Аляксандр Атрохаў, рэкорд мінулага года. Ураджайнасць, па словах кіраўніка, атрымалі надзвычай добрую — у сярэднім па 92 цэнтнеры з гектара. З атрыманым зернем абышліся ў адпаведнасці з патрэбамі гаспадаркі. 1 000 тон заплюшчылі і залажылі ў сянажную траншэю, каб праз 35-40 дзён пачаць выкарыстоўваць на корм жывёле, павялічваць удоі малака. Астатняе прадаюць — зарабляюць грошы, каб мець сродкі на абнаўленне тэхнікі, набыццё запчастак для зімовага рамонту, набыццё камбікорму для маленькіх цялятак, зернем разлічваюцца таксама і з пазыкамі.