Russian Belarusian Chinese (Simplified) English French German
logo

Адрес: 213809 г. Бобруйск, ул. Пушкина, 215а

Телефон приемной: 8 (0225) 74-99-41

E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Среда, 18 Ноябрь 2020 14:40

Дзе добрае малако,там і добры заробак

Дастойны заробак у прадстаўнікоў некіруючага складу, без звыклага прыгаворвання-выразу “можна б было і болей”, выклікае, як мінімум, цікавасць. А калі гаворка ідзе пра сельскую мясцовасць ды прытым аграрную галіну, то і непадробнае здзіўленне. Так і напрошваецца сказаць — “не можа быць!”. Аказваецца, можа. І не дзе-небудзь далёка, а ў нашым раёне. І кажуць у філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” пра гэтую здавалася б неардынарную з’яву звыкла, без антуражу і надзвычайнасці сітуацыі. Маўляў, і доім жа не 10 кілаграмаў на карову.

Супрацьставіць няма чаго. Ды і навошта? Можна толькі парадавацца за людзей, чыя цяжкая праца (акцэнт на гэтым робіцца колькі сябе і памятаю) нарэшце і годна аплачваецца. Прычым, выгада ад гэтага (даказана не сёння) — для наймальніка і нанятага ўзаемная: маючы магчымасць зарабіць, людзі выкладваюцца на ўсю моц.

— Мы сёлета, з улікам павялічанай працоўнай нагрузкі на работнікаў, пераглядзелі расцэнкі і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі, па максімуму ўвязалі іх з прадуктыўнасцю працы людзей, — кажа выконваючы абавязкі кіраўніка філіяла “Варатынь” Васіль Пятровіч Жук. — Людзі сталі зарабляць — і вынік пайшоў. З гэтым у тым ліку звязваем 2-е месца ў раённым спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых раслін і значны прырост па малаку: за 10 месяцаў на карову надаілі 5 766 кг (найвышэйшы паказчык у раёне), што на 1 427 кг болей, чым за адпаведны перыяд папярэдняга года. Пабачыўшы, што ёсць магчымасць добра зарабіць і велічыня заробку канкрэтнага чалавека напрамую залежыць ад яго ж прадуктыўнасці працы, людзі сталі нашмат лепш працаваць, з большай выкладкай — гэта факт. Сёння наша гаспадарка прадае дзяржаве прыкладна 27 тон малака ў дзень, плюс 157% у параўнанні да папярэдняга года, а гэта немалыя дадатковыя грошы на развіццё.

 

Фёдар Козыраў

Між тым, максімальнае выкарыстаннне чалавечага патэнцыялу — не адзінае, што ўплывае на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці ў малочнай галіне. Ёсць, па словах загадчыка МТФ №1 Фёдара Васіль­евіча Козырава, дзе ад каровы ў дзень бяруць ў сярэднім па 22 кг малака (ферма па надоях на 1-м месцы ў філіяле), і два іншыя неад’емныя складнікі — належная арганізацыя вытворчасці і добрая кармавая база. І з тым, і з другім на аб’екце, што ён узначальвае, усё, як кажа, у парадку.

— Сёлета і пашу “падцягнулі”, травянога корму назапасілі добрай якасці, на працягу года забяспечаны канцэнтратамі пад поўную патрэбу. Самы строгі падыход да збалансаванасці рацыёнаў, якія распрацоўваем сумесна з кіраўніком Васілём Пятровічам, добрае стаўленне ветурача да абавязкаў, — пералічвае загадчык Козыраў умовы вялікага малака на ферме.
І калі нарыхтоўка корму — клопат найперш кіраўніцтва ды раслінаводаў гаспадаркі, то яго “данясенне” да жывёлы і ў цэлым арганізацыя працы на МТФ аг. Варатынь, падбор работнікаў — на Фёдары Васільевічы.

— Скажу па сваёй ферме, што выпадковых лю­дзей мы не трымаем. Можа хто і крыўдуе на мяне за занадта жорсткую кадравую палітыку, але па-іншаму нельга. Вынік станоўчы таму і маем, што ні п’яніц, ні лайдакоў у калектыве не церпім. Атрымаць ад кароўкі ў дзень 22 літры малака — гэта, скажу я вам, няпростая справа: рагулю за гэта трэба і адпаведна накарміць, і прылашчыць, і якасна даглядзець. Тыя, хто сёння працуе ў нас, — падыходзяць да абавязкаў адказна і сумленна. Апошняе стымулюе і магчымасць павялічыць заробак: лепш пастараўся — болей прынёс дамоў грошай. Таму людзі стараюцца і маюць, паверце мне, дастойную зарплату.

Вынікі ў жывёлагадоўлі — гэта работа не аднаго дня і не аднаго чалавека. Гэта штодзённая калектыўная праца людзей розных прафесій — ад вартаўніка фермы да кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Што датычыцца непасрэдна філіяла “Варатынь” — то гэта яшчэ, як тут кажуць, і вялікая падтрымка галаўнога прадпрыемства. Прамыслоўцы аказваюць усебаковую дапамогу сяльчанам. Асабіста дырэктар ААТ “БЗТДіА” Уладзімір Віктаравіч Кісель, намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы Марына Мікалаеўна Аўрамчык праяўляюць непадробны інтарэс да спраў у сельскагаспадарчым філіяле, не пакідаюць без увагі праблемныя пытанні, што, безумоўна, дадае калектыву ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, а адначасова і жадання — дасягаць яшчэ лепшых вынікаў.

Алена Віктараўна Усцінава

Сярод работнікаў МТФ аг. Варатынь, хто аддае справе ўсю сябе, — аператар машыннага даення Алена Віктараўна Усцінава. Па выніках кастрычніка яе паказчык удою на карову прызнаны найвышэйшым па ферме.

…Пражыўшы нямала ў Бабруйску, дзе нара­дзілася і вырасла, стварыла сям’ю і не адзін год адпрацавала на “Славянцы”, Алена Віктараўна вось ужо пяцігодку лічыць сябе вясковай жыхаркай. У горадзе засталіся бацькі і сыны. У аграгарадку — свой дом, немалая гаспадарка, магчымасць “пакапацца ў зямлі”. Амаль адразу знайшлася работа даяркі ў мясцовай гаспадарцы. Муж Ула­дзімір працуе жывёлаводам. Пераменамі ў жыцці Алена Усцінава задаволена. І хоць работа аператара на ферме з прывязным утрыманнем жывёлы, па словах жанчыны, нялёгкая: каб зарабіць годны заробак, трэба гэтак жа і працаваць, але затое як прыемна адчуваць, што выкладаешся не задарма, што можаш сабе многае дазволіць і дзецям нешта прапанаваць.

 

Алена Усцінава

Рагуль на доглядзе маёй субяседніцы болей за паўсотні. Заступіўшы “на службу” а 7 гадзіне, яна першай справай уважліва аглядае жывёлу, правярае наяўнасць корму, вады. Пасля дастаўкі даглядчыкамі канцэнтратаў — бярэцца за іх раздачу. Непасрэдна дойка пачынаецца на МТФ а 8 гадзіне і доўжыцца да 11-ці. Пасля гэтага кароў выпускаюць на 2-гадзінную прагулку. Даярка ж, пасля невялікага перакусу, бярэцца за навядзенне парадку на працоўным месцы. Пасля завяршэння прагулачнага часу жывёлу прывязвае і толькі тады (прыкладна а 14 гадзіне) ідзе дадому, каб у 18.00 ізноўку прыступіць да абавязкаў.

Дома, як з усмешкай заўважае Алена Віктараўна, таксама не да адпачынку: трэба згатаваць вячэру, чакаюць увагі парсючкі, куры ды іншая жыўнасць. Але ж такі рытм жыцця нядаўнюю гараджанку не засмучае, хутчэй наадварот — трымае ў фізічным тонусе. Галоўнае, як яна кажа, каб быў спакой на зямлі і ўсе здаровымі.

Аляксандр Аляксандравіч Ерамееў

 

Аляксандр Ерамееў

Высокую ацэнку даюць на МТФ аг. Варатынь рабоце жывёлавода Аляксандра Аляксандравіча Ера­меева.

— На ферме меней году, але і гэтага часу хапіла, каб зразумець — прыйшоў сапраўдны гаспадар, — характарызуе 30-гадовага маладога чалавека загадчык Фёдар Козыраў.

Фронт абавязкаў у Аляксандра надзвычай адказны — вырошчванне маладняку. Ад таго, якім будзе догляд цялят, асабліва ў першыя дні пасля нараджэння, залежыць прадуктыўнасць жывёлы, прыбыткі гаспадаркі.

— За дзень мая група прыбывае ад двух да шасці цялятак. Пачынаю іх карміць з малозіва — яго бяру ў даяркі. Тое, што засталося, правяраю на якасць і замарожваю, каб у выпадку, калі карова ацеліцца без мяне, вартаўнік мог размарозіць і абавязкова на працягу двух гадзін выпаіць нованаро­джанаму цяляці, — упэўнена, з веданнем справы расказвае жывёлавод.

На пачатку маленькая жывёла змяшчаеццца ў індывідуальных доміках на двары фермы. Пасля таго як “здымуць з малака”, — пераводзяць на сухі корм у прафілакторый.

— З маленькімі нашмат болей турбот, — працягвае субяседнік. — Асабліва пільны догляд патрабуецца ў першыя 15 дзён. Тое ж малако, каб пазбавіць мікробаў, на працягу 40 хвілін стэрэлізую — устаноўка для гэтага маецца — і толькі пасля выпойваю.

 

Каб своечасова ўправіцца з рознаўзроставай групай у 100-150 галоў, прапанаваць кожнай свой рацыён, на ферме малады чалавек ужо ў 5 раніцы. (Жывучы ў Кавалях, на працу прыязджае на ўласным аўто, паліва — за кошт гаспадаркі). Пасля выпайкі і кармлення бярэцца за іншае неабходнае — падаслаць жывёле, набраць вады, прасачыць за кармушкамі, калі патрабуецца, аказаць садзеянне доктару… Заканчвае ранішні догляд прыкладна а 12 гадзіне. Вячэрні — з 17-ці
да 22-х.

Не салодка? Так. Але і заробак (залежыць ад прывагаў і захаванасці маладняку), значна пераўзыходзіць сярэдні па краіне. Для сям’і з двумя маленькімі дзецьмі — фінансавы бок асабліва важны.

— Заробная плата дастойная, — упэўнена кажа Аляксандр, — ды і сама па сабе работа ў жывёлагадоўлі мне падабаецца.
Зрэшты, і Аляксандр, і яго жонка выраслі ў Баб­руйску. У Кавалі маладая сям’я пераехала пасля праблем з гарадскім інтэрнатам. Цяпер іх жыллё — арэндны катэдж з усімі дабротамі, газавым забеспячэннем. Жонка жывёлавода працягвае працаваць у горадзе (гэтым часам у дэкрэтным адпачынку). У сельскай мясцовасці Ерамеевы абжыліся гаспадаркай, таму заўжды на стале і мяса, і гародніна са свайго падворку.

Прочитано 115 раз
Сбор предложений по вопросам общественно-политического и социально-экономического развития страны Общественная приемная Занятость Туризм и отдых Туристическая карта Бобруйского района   Берегите жизнь!
Система Orphus
© 2013 г. Бобруйский районный исполнительный комитет
Разработка и поддержка: КУП «МОЦИС», г. Могилев.