Як тэхналагічна правільна арганізаваць вытворчасць жывёлаводчай прадукцыі, аднаўленне статку, захаванасць маладняку буйной рагатай жывёлы ў сельгасарганізацыях — гэтыя і іншыя актуальныя пытанні галіны абмеркавалі ў суботу ўдзельнікі абласной нарады — прадстаўнікі райсельгасхарчаў, галоўныя ветурачы, начальнікі філіялаў Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага, Асіповіцкага і Слаўгарадскага раёнаў. Узначаліў мерапрыемства першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Алег Маслак.
Падчас нарады была наладжана вучоба, у тым ліку для маладых спецыялістаў, па ўтрыманні, вырошчванні і захаванасці маладняку буйной рагатай жывёлы. Завострана ўвага на пытаннях арганізацыі асемянення жывёлы, у тым ліку ва ўмовах перасоўчых доек.
Удзельнікі мерапрыемства дэталёва спыніліся на комплексе мер прафілактыкі, лячэння, вакцынацыі цялятак ад першага дня да часу іх пераводу ў агульную групу — трох месяцаў, вагой не меней за 110 кг! Да вагі патрабаванні асаблівыя, таму і догляд, і кармленне жывёлы, як было адзначана, важна арганізоўваць у адпаведнасці з тэхналогіяй, ні на крок не адступаючы ад яе.
На малочна-таварным комплексе Каменка філіяла «Агракамбінат КХП» увага прысутных была заакцэнтавана на правільным, пасекцыйным, камплектаванні жывёлаводчых комплексаў. На прыкладзе дадзенага МТК рэкамендавана сур’ёзна падыйсці да стварэння пры малочна-таварных комплексах прафілакторыяў для маленькіх цялятак.
Такім чынам, веды па тэорыі і практыцы вырошчвання маладняку спецыялістамі адноўлены. Застаецца спадзявацца, што яны ў абавязковым парадку будуць узяты на ўзбраенне, даведзены і абмеркаваны ў калектывах. І ў сельгасарганізацыях, дзе маюцца ў дадзеным накірунку праблемы, адбудуцца дзейсныя зрухі.