Удзел у конкурсе прыняла і навучэнка 6-га класа Туголіцкай СШ, пераможца абласнога этапу Патаповіч Ксенія. Верш дзяўчынкі на беларускай мове «Шчасце бясконца» увайшоў у зборнік «Дзеці за мір», прэзентацыя якога адбылася 18 верасня.
У гэты дзень у Нацыянальную бібліятэку прыехалі 158 дзяцей — пераможцаў абласных этапаў конкурсу. Для іх правялі экскурсію. Сярод гасцей былі кіраўнікі міністэрстваў-партнёраў, прадстаўнікі рэлігійных канфесій, выканаўчай і заканадаўчай улады, паэты і пісьменнікі.
Урачыстае ўзнагароджанне пачалося з відэапрэзентацыі гісторыі Беларускага фонду міру і маляўнічага выступлення шоў-тэатра Таццяны Пановай «Хвiлiнка». Кожны ганаровы госць выбраў верш, які яму найбольш спадабаўся, прачытаў твор на сцэне і ўзнагародзіў аўтара. Верш Ксеніі «Шчасце бясконца» прагучаў у выкананні прадстаўніка ЮНІСЭФ ААН у Беларусі доктара Рашэда Мустафы Сарвара, які і ўзнагародзіў таленавітую дзяўчынку.
У Туголіцкай СШ, як адзначыла дырэктар Ірына Асіповіч, ганарацца поспехамі Ксеніі і яе педагога Шаболды І.А. і жадаюць новых поспехаў на творчай ніве.
Зрэшты, раённы этап паэтычнага конкурсу праходзіў у маі сёлетняга года. У ім прынялі ўдзел 11 работ навучэнцаў раённых устаноў адукацыі. На абласны этап было накіравана 4.