Ініцыятарам і арганізатарам конкурсу з’яўляецца раённы Савет ветэранаў. «Апошняе пры садзеянні, вядома ж, сельвыканкамаў, — акцэнтуе ўвагу старшыня райсавета ветэранаў Яўгенія Доўнар. — Бо хто, як не ўлада на месцах, часцей сутыкаецца з вяскоўцамі, ведае гаспадарчы і творчы падыход жыхароў населеных пунктаў да добраўпарадкавання сваіх дамоў і калядамавой тэрыторыі».
Па яе словах, сёлета заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 10 членаў ветэранскіх «пярвічак». Усе яны, як і патрабуюць умовы мерапрыемства, пастаянна пражываюць на тэрыторыі раёна.
На працягу двух месяцаў — з 15 чэрвеня да 15 жніўня, спецыяльна створаная камісія рабіла агляд падворкаў, каб вызначыцца з найлепшымі. І ўжо сёння можна гаварыць пра пераможцаў.
Імі прызнаны Фёдар Аляксандравіч БЯЗРУЧКА (1-е месца), жыве ў пас. Глуша па вул. Юбілейнай у доме № 11, кв. 2; Валянціна Іванаўна АЎРАМЧЫК (2-е месца) з в. Ламбава Кавалёўскага сельсавета, пражывае ў доме № 2 па вул. Юбілейнай, а таксама Уладзімір Васільевіч ДУДАЛЬ (3-е месца), жыхар аг. Цялуша, рабочы філіяла «ХарчавікАгра» ААТ «Чырвоны харчавік», чый дом № 46 месціцца на вул. Школьнай аграгарадка. Усіх іх чакаюць каштоўныя падарункі.
«Сёння пра чысціню і парадак дбае ўся краіна, — разважае Яўгенія Доўнар. — Добраўпарадкоўваць малую радзіму заклікае грамадзян Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. І хіба можам мы, ветэраны, заставацца ў баку ад гэтых спраў? Зразумела ж, не. Яшчэ і моладзі прыклад пакажам! Дый хочацца пасадзейнічаць нашаму раёну, дзе ў накірунку добраўпарадкавання вядзецца шырокі спектр работ, і зрабіць нашу Бабруйшчыну яшчэ больш утульнай і прывабнай».
Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты «Трыбуна працы»